ЗША ўвялі фінансавыя санкцыі супраць Лукашэнкі

Прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў 19 чэрвеня ўказ, які прадпісвае забараніць любую фінансавую дзейнасць беларускіх дзяржаўных службаў на тэрыторыі ЗША. Паводле ўказу амерыканскага прэзідэнта, забарона накладаецца на фінансавую дзейнасць некаторых чальцоў урада і грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у парушэннях на мінулых выбарах.

Па меркаванні амерыканскай адміністрацыі, Аляксандр Лукашэнка, Наталля Пяткевіч, Віктар Галаванаў, Аляксандр Зімоўскі, Сцяпан Сухарэнка, Віктар Шэйман, Зміцер Паўлючэнка, Уладзімір Навумаў, Лідзія Ярмошына і Віктар Лукашэнка датычныя да масавых фальсіфікацый на мінулых выбарах, а таксама перашкаджаюць развіццю дэмакратыі ў Беларусі.

Ва ўказе таксама канстатуецца, што асобы, якія патрапілі ў абмежавальны спіс маюць дачыненне да палітычных рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Указ Джорджа Буша неадкладна забараняе ўсе маёмасныя інтарэсы і дзейнасць вышэйпаказаных грамадзян Беларусі на тэрыторыі ЗША. Таксама ўказ забараняе ўсім амерыканскім кампаніям і грамадзянам мець фінансавыя адносіны з вышэйпералічанымі беларускімі службоўцамі і грамадзянамі.

Паводле ўказу, згаданыя ў спісе людзі не змогуць атрымаць доступ да сваіх рахункаў, калі такія ёсць, у амерыканскіх банках, а фінансавыя арганізацыі ЗША, дзе бы яны не знаходзіліся, не змогуць ім садзейнічаць.

Санкцыі, уведзеныя амерыканскім прэзідэнтам, прынятыя згодна з Еўрапейскім саюзам. Ва Указе таксама прапаноўваецца міністэрству фінансаў ЗША папоўніць спіс асобаў, у дачыненні якіх таксама будуць ужывацца санкцыі.

Раней Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на III Усебеларускім народным зборы, пракаментаваў паведамленні аб сваіх рахунках за мяжой наступным чынам: “Я міністру гавару: падрыхтуй неадкладна ад майго імя даведку аб маіх прыбытках і ў канцы напішы: забярыце ўсе мае грошы, якія ёсць у Швейцарыі або яшчэ недзе там. Ім жа гэта ўсё падкантрольна, цэрэўшнікам, яны ўсё ведаюць. Хай забіраюць сабе. Я так і напісаў і адправіў гэты ліст”.

Паводле www.telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў