19 чэрвеня — дзень народзінаў Васіля Быкава
Зараз яму споўнілася б 82 гады
А 16-й гадзіне ў Мінску на Усходніх могілках сябры, родныя, блізкія, прыхільнікі таленту Быкава збяруцца, каб памянуць, ускласці кветкі. Асноўныя імпрэзы з нагоды дня нараджэння Быкава адбыліся ўчора ў Віцебску і на радзіме пісьменніка, у вёсцы Бычкі на Вушаччыне.
У Віцебску, у гарадскім парку культуры, адбылося вялікае літаратурнае свята, прысвечанае дню нараджэння Васіля Быкава. Імпрэза была арганізаваная віцебскім абласным аддзяленнем Таварыства беларускай мовы, Саюзам беларускіх пісьменнікаў. У ёй бралі ўдзел лідэр аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, барды Віктар Шалкевіч, Лера Сом. Па расказах аднаго з арганізатараў імпрэзы, на сустрэчу прыехалі з Мінску пісьменнікі Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Анатоль Кудравец, Алесь Пашкевіч. Прысутнічалі таксама пісьменнікі з віцебскага аддзялення Саюзу. Пераможцам конкурсу сачыненняў, прысвечаных Васілю Быкаву, уручалі падарункі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў. Пасля гэтага мы наведалі літаратурны музей, дзе наладжаная экспазіцыя, прысвечаная Васілю Быкаву. І тут адбылася цікавая такая рэч: на мачце, каля музею, каля летняга амфітэатру, дзе праходзяць фестывалі, з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг”.
Праўда, бел-чырвона-белы сцяг лунаў над Віцебскам нядоўга, яго хутка знялі і затрымалі нават тых, хто фатаграфаваў сцяг – маці Паўла Севярынца Таццяну і фотакарэспандэнта газеты “Витебский курьер” Сяргея Серабра.
Пасля Віцебску літаратары і Ірына Міхайлаўна Быкава наведалі малую радзіму славутага пісьменніка – вёску Бычкі, што на Вушаччыне. Ірына Міхайлаўна Быкава ўзрушаная паездкай на Віцебшчыну распавядала, што “Была вельмі хвалюючая сустрэча, шмат людзей, зацікаўленых, сардэчных, усё было вельмі добра. Прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў маладых віцебскіх творцаў. Віктар Шалкевіч выступаў потым з вялікім поспехам”.
На жаль, сёлета ў Мінску нават літаратурную вечарыну, прысвечаную славутаму беларускаму пісьменніку, гонару нацыі, правесці няма дзе – Дом літаратара адабраны Адміністрацыяй прэзідэнта. Таму родныя, блізкія, удзячныя чытачы Васіля Быкава збяруцца сёння а 16-й каля помніка-валуна на Усходніх могілках сталіцы.
Паводле радыё “Свабода”
|