У Нямеччыне стартавала акцыя “У падтрымку Беларусі”
У Нямеччыне стартавала акцыя “У падтрымку Беларусі”. Мэта гэтай акцыі — даць 20 навучальных месцаў у нямецкіх ВНУ беларускім студэнтам, якія былі або будуць адлічаныя па палітычных матывах.
Праграма разлічана на два семестра і пачнецца ў кастрычніку 2006 года, аднак заяўкі можна накіроўваць ужо зараз. Плануецца, што падчас праграм беларускім студэнтам будзе аказаная кансультатыўная падтрымка, а таксама прадстаўленая магчымасць прайсці моўныя падрыхтоўчыя курсы.
Грамадскія аб’яднанні, якія ўдзельнічаюць у акцыі, маюць досвед працы са студэнтамі з Беларусі. У іх ліку — аб’яднанне “Ініцыятыва па Сярэдняй і Усходняй Еўропе”, фонд Роберта Боша, Нямецка-беларускае грамадства, маладзёвае крыло Партыі зялёных Нямеччыны — “Зялёная моладзь”. Акцыю падтрымалі дэпутат Бундэстага Марылуізе Бек, кіраўнік працоўнай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Ута Цапф, дэпутаты Еўрапарламента Мілан Харачык і Элізабэт Шредтэр.
Плануецца, што дзякуючы акцыі беларускія студэнты змогуць не толькі працягнуць навучанне ў Нямеччыне, але і больш падрабязна пазнаць аб працы нямецкіх НГА. Арганізатары разглядаюць дадзеную акцыю як “важнае ўкладанне ва ўмацаванне грамадства і дэмакратычных змен у Беларусі”.
БелаПАН
|