“Падарожжа па Гарадзеншчыне”

“Як жыць, дык жыць для Беларусі,
А без яе навошта жыць... “
Ларыса Геніюш

Не памятаю, хто сказаў, што “чалавек, які не вандруе пражывае толькі адну старонку свайго жыцця, а вандроўнік — некалькі”, але гэта, напэўна, добра ведае старшыня Таварыства Беларускай Культуры ў Літве Хведар Нюнька. На працягу дзейнасці гэтай арганізацыі адбылося шмат цікавых падарожжаў. Асабліва запомніліся — Вільня-Свіраны-Рукойні-Кушляны-Жупраны-Арляняты-Крэва, Вільня-Мінск-Бобры-Орша-Віцебск-Полацк-Паставы, Вільня-Беласток і іншыя.

Гэтым разам адбылася запланаваная экскурсія па Гарадзеншчыне: Вільня-Гародня-Ваўкавыск-Зэльва-Сынкавічы-Слонім-Дзятлава-Ліда. Рана, а шостай гадзіне, мы выехалі з Вільні, хутка праехалі мяжу, зрабілі прыпынак, выпілі кавы і паехалі ў Гародню, дзе нас чакаў Уладзімір Хільмановіч з сябрамі. Прыехалі ў дамоўлены час на вакзал, паставілі на пляцоўку машыны (адной кіраваў Васіль Акуневіч, другой — старшыня ТБК Хведар Нюнька), і пайшлі пешшу па старых вулачках Гародні...

Горад гэты нам, віленчукам, дарагі тым, што ў ім жылі Васіль Быкаў, Зоська Верас, жывуць Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль-Загнетава. Нашым гідам быў Вітаўт Парфененка з дачушкай Алесяй. Асобы, якія любяць свой горад, дора ведаюць гісторыю, культуру. Нават той факт, што В. Парфененка нарадзіўся ў Гародні, а вышэйшыя адукацыі атрымаў у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Варшаве і вярнуўся ў родны горад — шмат аб чым гаворыць. Свае веды, любоў да гісторыі і цудоўнага спадар Вітаўт перадаў дачушцы, яны дапаўняюць адзін аднаго.

Мы ў першую чаргу наведалі музей Максіма Багдановіча. Зразумела, што спецыяльны экскурсавод нам не спатрэбіўся. Затым зайшлі да магілы маці паэта, Марыі Апанасаўны Багдановіч. Потым хадзілі па вулачках, спыняліся каля архітэктурных помнікаў, музея А. Ажэшкі, пабывалі ў гарадзенскім замку, заходзілі ў касцёлы, цэрквы. Атрымоўваючы асалоду і задавальненне. Першы дзень нашага падарожжа закончыўся на кватэры Уладзіміра Хільмановіча, дзе нас чакала яго жонка Іна з маленькай Лерай і зусім маленькім Ромкам.

На другі дзень раніцай мы паехалі ў Ваўкавыск, тут нашым экскурсаводам быў Васіль Акуневіч з жонкай Яніцей.У гэтым горадзе яны бываюць раз у год, тут жыве сястра Васіля, мы даведаліся адкуль пайшла назва горада...

Наступным прыпынкам нашага падарожжа была Зэльва. Прыехалі да царквы, пастаялі каля помніка слыннай паэтцы Ларысе Геніюш, у гэтым мястэчку нас чакаў з багатай праграмай Юры Ткачук. Асноўнай мэтай нашага падарожжа было ўскласці кветкі, схіліць нізка галаву і пачытаць вершы на магіле беларускай патрыёткі Ларысы Геніюш, ушанаваць памяць ад удзячных нашчадкаў. Месцам адпачынку ў Зэльве была кватэра Юры Ткачука, дзе нас сустракала яго жонка Ліля. Сам спадар паказаў нам свае мастацкія працы, багатую бібліятэку, з захапленнем распавядаў пра сваіх сяброў паэтаў і мастакоў. Падараваў выдадзеную ім кніжку Генадзя Каўша “Кружныя шляхі”. Мала ёсць такіх апантаных і адданых сваёй ідэі, як Юры Ткачук.

Далей наш шлях накіраваўся ў Сынкавічы. Тут мы былі ўражаны помнікам XV ст., агледзелі старажытную царкву, пабылі на службе, а затым накіраваліся ў Слонім, Дзятлава і Ліду.
Так блукалі мы па вулачках старажытных гарадоў Гарадзеншчыны. заходзілі ў касцёлы, цэрквы, спыняліся каля архітэктурных помнікаў, аглядалі рэшткі замкаў, фатаграфаваліся, сустракаліся з сябрамі, дзеячамі культуры. Адным словам — духоўна ўзбагачаліся. На сам рэч паглядзець было што. Вандроўка была запланаваная, узгодненая з Уладзімірам Хільмановічам, які апякаўся намі ў Гародні. Нават надвор’е вельмі спрыяла, першыя цёплыя, сонечныя дні пасля халоднай вясны.

Перад мяжой мы зноў зрабілі апошні прыпынак, і, поўныя ўражанняў ад пабачанага і пачутага, вярталіся ў Вільню. Гэтым падарожжам мы “напісалі” яшчэ адну цікавую старонку свайго жыцця.

Праехалі мы па Гарадзеншчыне больш за 500 кіламетраў, вярнуліся позна вечарам, а спадар Хведар Нюнька сказаў, што праехаў бы яшчэ столькі, стомленасці не ачувалася. Наперадзе новыя планы, новыя сустрэчы, падарожжы.

Леакадзія Мілаш.
г.Вільня, 12 чэрвеня 2006 год.
‹‹ на галоўную | у архіў