У Мінск перанесеныя рэшткі фундатара касцёла Святых Сымона і Алены
Эдвард і Алімпія Вайніловічы ахвяравалі сваю маёмасць на ўзвядзенне храма Святых Сымона і Алены.
У крыпце касцёла ў нядзелю адбылося перапахаванне рэшткаў Эдварда Вайніловіча, на сродкі якога быў пабудаваны храм. Рэшткі прадстаўніка шляхетнага беларускага роду былі перанесеныя з польскага горада Быдгошча ў Мінск. Цырымонія перапахавання адбылася на пляцы перад касцёлам.
У цырымоніі перапахавання рэшткаў Эдварда Вайніловіча прынялі ўдзел, як перадае БелаПАН, вызнаўцы, прадстаўнікі ўлады, іншых канфесій, а таксама дыпламаты. Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дземьянка па выпадку цырымоніі адзначыў: “Эдвард Вайніловіч з’яўляецца для ўсіх нас прыкладам сумленнасці і адказнасці за разумнае выкарыстанне талентаў і сродкаў, якія даў яму Бог, а таксама грамадзянскай адказнасці, прыкладам нашчадкам, як захаваць аб сабе добрую памяць у стагоддзях”.
У сваю чаргу плябан Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк дадаў, што на пераломе XIX-XX стагоддзяў Эдвард Вайніловіч “думаў па-экуменічнаму, паступаў па-экуменічнаму, жыў па-экуменічнаму з людзьмі розных веравызнанняў”. “Яго шчырая адкрытасць блізкаму, разуменне патрэбнасцяў людзей незалежна ад іх веравызнанняў выявілася ў стварэнні камітэта абароны габрэяў і татараў-мусульман з цэнтрам у Клецку”, — падкрэсліў ксёндз. Набажэнства вялося на беларускай мове, у ім прынялі ўдзел супольныя калектывы Чырвонага касцёла.
Чырвоны касцёл названы “імёнамі св. Сымона (Шымона) і св. Алены” у памяць аб памерлых ад хвароб у юнацкім узросце двух дзецях Эдварда Вайніловіча. “З некалі магутнага дрэва майго роду ападалі лісток за лістком, і я застаўся толькі як адна галінка, асуджаны на кананне, як апаленае громам дрэва, якое ўжо ніякая вясна не ажывіць”, — пісаў па выпадку згубы сваіх дзяцей Эдвард Вайніловіч. Пасля смерці дзяцей Эдвард і Алімпія Вайніловічы ахвяравалі сваю маёмасць на ўзвядзенне храма.
Будаўніцтва храма вялося, пачынаючы з траўня 1905 года. 21 лістапада 1910 года храм быў урачыста асвячоны. Пасля ўсталявання савецкай улады храм быў прыстасаваны пад Дзяржаўны польскі тэатр БССР, пасля Другой сусветнай вайны, — пад кінастудыю, а ў 1975 году —– пад Дом кіно. Вернуты храм вернікам быў у 1990 году. У тым жа годзе, па выпадку 80-годдзя, было праведзена юбілейнае асвятленне храму.
Паводле www.telegraf.by;
БелаПАН



|