Спыніце праследаванне журналістаў!
Сусветная асацыяцыі газет (WAN), Сусветны газетны кангрэс і Сусветны форум рэдактараў прынялі сумесную рэзалюцыю, у якой заклікалі беларускія ўлады спыніць прыгнёт незалежных журналістаў. Па меркаванні рады WAN, у Беларусі за апошні год журналісты сутыкнуліся з сур’ёзным ціскам з боку афіцыйных уладаў.
“Мінулы год быў адзначаны сур’ёзнымі ціскамі на вольныя СМІ ў Беларусі, якія дасягнулі вышэйшай кропкі падчас прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года, калі больш 30 журналістаў былі арыштаваныя. Нават нягледзячы на тое, што ўсе яны вызваленыя на дадзены момант, наступствы атакі працягваюць вызначаць медыя-прастору ў Беларусі”, — гаворыцца ў рэзалюцыі апублікаванай на Сусветным форуме газет у Маскве.
“Рада Сусветнай асацыяцыі газет, падчас 59-га Сусветнага кангрэса газет у Маскве, які праходзіў з чацвёртага па сёмым чэрвеня, выказвае шкадаванне з нагоды таго, што працягваюцца наступы на незалежную прэсу ў Беларусі”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Рада Сусветнай асацыяцыі газет заклікала ўрад Беларусі спыніць праследаванне незалежнай прэсы і аднавіць свабоду прэсы і свабоду слова ў краіне.
Сярод фактаў прыгнёту незалежнай прэсы ў Беларусі прыводзіцца адмова гарвыканкама ад рэгістрацыі газеты “Наша Нiва” ў Мінску. Таксама гаворыцца аб недапушчэнні журналістаў на суд над Артурам Фінкевічам. У рэзалюцыі канстатуецца, што ў красавіку 2006 года журналісты “перыядычна арыштоўваліся ўладамі па розных прычынах”.
www.telegraf.by
|