Канчатковая справаздача АБСЕ па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі
У справаздачы місія БДІПЧ АБСЕ канстатавала, што выбары прэзідэнта Беларусі, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 года, не адпавядалі дэмакратычным нормам і не могуць лічыцца легітымнымі. У сувязі з гэтым у справаздачы даецца 50 рэкамендацый беларускім уладам для прывядзення выбарнага заканадаўства і працэдуры выбараў у адпаведнасць з нормамі АБСЕ.
У справаздачы БДІПЧ АБСЕ ўкладальнікі зрабілі высновы, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Беларусі былі парушаныя шматлікія міжнародныя нормы, а таксама правы простых грамадзян Беларусі. У прыватнасці, поўнасцю або часткова не былі выкананыя параграфы 5.4, 7.3, 7.4, 7.6, 7.7, 7.8, 10.1, і 10.3 Капенгагенскай дамовы ад 1990 года.
Гэтыя абавязкі ўключаюць:
1. Ясны падзел паміж дзяржавай і палітычнымі партыямі.
2. Гарантаванае ўсеагульнае і роўнае права галасаваць.
3. Забеспячэнне выбараў шляхам таемнага галасавання, сумленны падлік галасоў і падаванне дакладнай інфармацыі аб ім.
4. Павага да правоў індывідаў і груп вольна арганізоўваць палітычныя партыі, і забеспячэнне іх неабходнымі прававымі гарантыямі, каб яны маглі спаборнічаць паміж сабою на аснове роўнага падыходу да іх закона і ўлад.
5. Забеспячэнне таго, каб закон і дзяржаўная палітыка дазвалялі правядзенне палітычных кампаній у вольнай і справядлівай атмасферы.
6. Бесперашкодны допуск да СМІ на роўнай аснове для ўсіх, хто жадае ўдзельнічаць у перадвыбарным працэсе.
7. Забеспячэнне правоў грамадзян на волю аб’яднання.
Прадстаўнікі АБСЕ рэкамендуюць беларускім уладам адмовіцца ад палітыкі дыскрымінацыі сваіх апанентаў, перагледзець Выбарчы кодэкс і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі.
Сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік, у сваю чаргу, заявіў, што ў справаздачы БДІПЧ АБСЕ фальсіфікаваныя вынікі назірання за выбарамі 19 сакавіка. “Аб тым, што гэты дакумент ужо прыняты, мы, як заўсёды, пазнаем з сродкаў масавай інфармацыі, — паведаміў Мікалай Лазавік, дадаўшы, што АБСЕ — “структура больш зачыненая, чым ЦРУ і КДБ разам узятыя”.
Па словах сакратара беларускага ЦВК, у папярэдняй справаздачы АБСЕ, апублікаваным падчас выбарчай кампаніі было дапушчана шмат недахопаў і памылак. “Мы нават не ведаем, ці выдалілі яны гэтыя недакладнасці з выніковай справаздачы”, — сказаў сакратар беларускага ЦВК у інтэрв’ю з БелаПАН.
Па меркаванні Мікалая Лазавіка, справаздача БДІПЧ АБСЕ “абсалютна палітызаваная”.
www.telegraf.by
|