Непаўналетнія ўдзельнікі галадоўкі спыняюць удзел у акцыі пратэсту

Непаўналетнія ўдзельнікі галадоўкі, якая праходзіць у шэрагу гарадоў Беларусі і Украіны, спыняюць удзел у акцыі пратэсту. Аб гэтым БелаПАН паведаміў актывіст маладзёвага дэмакратычнага руху Зміцер Дашкевіч.

У той жа час, па яго словах, да галадоўкі, абвешчанай сябрамі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, далучаюцца новыя ўдзельнікі. Зараз іх каля 40 чалавек. Яны знаходзяцца ў Гародні, Жодзіна, Лідзе, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Салігорску, а таксама ва ўкраінскіх гарадах Кіеў і Луцк. “Мы працягваем атрымоўваць лісты падтрымкі, а таксама паведамленні аб далучэнні да акцыі”, — адзначыў Дашкевіч

Нагадаем, што ўдзельнікі галадоўкі патрабуюць спыненні крымінальнага праследавання сяброў незарэгістраванага “Маладога фронту” Зміцера Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Сяргея Лісічонка, Сяргея Марчыка і Алега Корбана, адмены прысудаў і вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў, а таксама спыненні праследавання хрысціян, “салідарных з тымі, хто змагаецца за праўду і справядлівасць”. Удзельнікі галадоўкі таксама патрабуюць аднаўлення ў ПТВ № 72 Салігорска Максіма Сямёнчыка, а Аляксея Янушэўскага — у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Не адно з патрабаванняў за якія змагаюцца ўдзельнікі галадоўкі пакуль не выканана, адзначыў Д.Дашкевіч.

Акцыя пратэсту пачалася 29 траўня ў 14.00 у Салігорску. У адрозненне ад іншых гарадоў, тут галадоўка праводзіцца ў адной з прыватных кватэр. На мінулым тыдні да ўдзельнікаў акцыі прыязджалі прадстаўнікі АГП, офіса АБСЕ ў Мінску, а таксама творчай інтэлігенцыі — Кася Камоцкая, Юрый Хашчывацкі, Зміцер Бартосік, Уладзімір Арлоў. Па словах аднаго з галадаючых Яна Шыла, якія пратэстуюць больш не наведваюць прадстаўнікі салігорскай міліцыі, аднак прыходзіць лекар.

Асобныя ўдзельнікі акцыі пратэсту ў Салігорску — Ян Шыла, Максім Сямёнчык, Сяргей Пацкевіч і Аляксей Янковіч — затрымоўваліся на мінулым тыдні, але ў дзень затрымання былі адпушчаныя на волю.

БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў