Фестываль нацыянальных культур
VI Усебеларускі фестываль нацыянальных культур, які завяршаецца
сёння ў Гародні, стаў самым маштабным і яркім за яго гісторыю. Аб
гэтым паведаміла ў размове з карэспандэнтам БелТА намеснік старшыні
Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні
фэсту, намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Марыя Бірукова.
У ім узялі ўдзел каля 800 самых таленавітых прадстаўнікоў 25 нацыянальнасцяў,
якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Пазалетась на пятым фэсце
было прадстаўлена 22 нацыянальнасці.
Кожны з трох фестывальных дзён быў прысвечаны вызначанай тэматыцы:
“Гарадзеншчына збірае сяброў”, “Народная творчасць — крыніца натхнення”
і “Пераемнасць пакаленняў”. У гэтыя дні былі арганізаваныя паказ
нацыянальнага кіно, кірмаш, спартовае спаборніцтва сярод дыяспар,
канцэрты, свята нацыянальных кухняў і іншыя мерапрыемствы. На фэст
прыехалі прадстаўнікі адміністрацыі Паўночна-Заходняй акругі Масквы,
дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Польшчы, Літвы, Францыі і іншых краін.
У дні фестывалю перад гарадзенцамі і гасцямі горада выступілі таксама
прафесійныя калектывы і спевакі: ансамблі “Харошкі” і “Чырвона рута”,
гурт “Тяни-Толкай”, артысты Саша Нэма, Галіна Шышкова, Ксенія Сітнік,
Гюнэш Абасава і іншыя. А мастакі, скульптары, майстры мастацкага
фота, прафесійныя кавалі, ганчары, ткачы, народныя ўмельцы выставілі
свае працы ў горадзе майстроў. Гэтую выставу наведалі каля 50 тыс.
чалавек.
Марыя Бірукова адзначыла, што гэты яшчэ малады фестываль ужо стаў
знакам міжнацыянальнай садружнасці і міру на беларускай зямлі.
Па яе словах, Гарадзеншчына не выпадкова стала месцам правядзення
фэсту. Гэты рэгіён з’яўляецца агульным домам для прадстаўнікоў 84
нацыянальнасцяў. Большасць жыхароў вобласці складаюць беларусы —
62,3%, палякі — 24,8%, рускія — 10,1%, украінцы — 11,8%, татары
і літоўцы — па 0,2%, габрэі — 0,1%. У школах, на базе дамоў і палацаў
культуры для іх працуюць кружкі па вывучэнні роднай мовы, якія фінансуюцца
дзяржавай.
Марыя Бірукова таксама паведаміла, што фінансавую падтрымку фэсту
забяспечваюць Міністэрства культуры Беларусі, Камітэт па справах
рэлігій і нацыянальнасцяў, Гарадзенскі аблвыканкам і Гарадзенскі
гарвыканкам.
www.naviny.by
|