Галадоўка моладзевых актывістаў…
38 моладзевых актывістаў у Мінску і рэгіёнах трымаюць галадоўку.
Яны патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць лідэраў незарэгістраваных
моладзевых арганізацый “Малады фронт” і “Партнэрства”. Штодня да
галадаючых далучаюцца маладыя актывісты апазіцыі.
У Салігорску галадаюць 8 чалавек, якія пачалі галадоўку самымі
першымі яшчэ 29 траўня: Максім Сяменчык, Сяржук Пацкевіч, Дзяніс
Карноў, Глеб Сандрас, Павал Батуеў, Уладзімір Лемеш, а таксама браты
Шылы, Іван (15 год) і Ілья (13 год). Маці Іллі і Івана таксама адмовілася
прымаць ежу на той час, пакуль будуць галадаць яе дзеці. Іван Шыла
галадае шостыя суткі. Зміцер Дашкевіч далучыўся да галадоўкі адразу,
як толькі выйшаў з турмы на Акрэсціна.
Большасць галадаючых — сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады
фронт”. Яны не пагадзіліся спыніць галадоўку на просьбы дарослых
апазіцыянераў. Сваю радыкальную акцыю, якая можа мець для іх вельмі
сур’ёзныя наступствы, маладыя апазіцыянеры лічаць адэкватным адказам
на дзеянні ўладаў, скіраваных на спыненне моладзевай пратэстнай
хвалі.
Падтрымаць галадаючых 4 чэрвеня прыехалі прадстаўнікі праваабарончага
цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і Таццяна Равяка, рок-спявачка Кася
Камоцкая, рэжысёр Юрый Хашчавацкі і пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Па меркаванні Касі Камоцкай: “Мы едзем у Салігорск, каб падтрымаць
моладзь, якая пайшла на такі адчайны крок, як галадоўка. Але, я
катэгарычна супраць таго, каб моладзь галадала, бо сілы трэба берагчы
для нармалёвага змагання.”
Па словах Зміцера Дашкевіча: “Маладафронтаўцы і сябры дэмакратычных
арганізацыяў у Мінску, Горадні, Лідзе, ва Украіне працягваюць галадоўку,
займаючыся сваімі справамі, бо стан здароўя пакуль яшчэ дазваляе
гэта. Мы плануем на наступным тыдні сабрацца ўсім разам у Мінску
на адной кватэры, каб і дух падымаўся, і, каб адзін аднаго падтрымліваць”.
Маладафронтаўцы 5 чэрвеня абмяркуюць тэкст звароту да грамадзкасці
і ў пракуратуру. Яны накіруюць ліст на імя генеральнага пракурора,
у якім выкладуць свае патрабаванні.
Паводле інфармацыйнага агенцтва БелаПан, жонкі беларускіх палітыкаў
упрошваюць галадаючых спыніць акцыю пратэсту. Жанчыны-палітыкі выступілі
са зваротам да ўдзельнікаў галадоўкі пратэсту, якая праходзіць у
Салігорску, Мінску, Гародні і Кіеве.
“Мы з вялізнай павагай ставімся да вашай устойлівасці, да Учынку
з вялікай літары, для шматлікіх з вас не па гадах мужнаму. У знак
салідарнасці з палітвязнямі, у цэнтры Еўропы XXI стагоддзя, і пратэсту
ў сувязі з праследаваннем лідэраў “Маладога фронту” абвясцілі галадоўку
маладыя людзі, сярод якіх ёсць непаўналетнія. Гэта вельмі красамоўна
характарызуе рэжым, кіруючы ў нашай краіне”, — гаворыцца ў звароце,
падпісаным Ірынай Казулінай, Галінай Сіўчык, Вольгай Завадской,
Валянцінай Статкевіч і Людмілай Гразновай.
Аднак, лічаць яны, “галадоўка — гэта метад, які можа быць дзейсным
толькі ва ўмовах, пры якіх дзяржаве хоць трохі неабыякавыя яго грамадзяне...”
Таму яны звярнуліся да маладых людзей, каб тыя спынілі галадоўку,
пашанавалі “здароўе і сілы, якія яшчэ спатрэбяцца ў барацьбе за
вольную і дэмакратычную Беларусь”.
Паводле радыё “Свабода” і “БелаПан”
|