Улады забаранілі хросны ход з Украіны ў Расію праз Беларусь
Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў шэсця, якое пачалося 2 красавіка ў
Адэсе і мусіць скончыцца ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе, ня здолелі
трапіць у Беларусь.
На беларуска-ўкраінскім пераходзе “Макраны” ў Маларыцкім раёне
падчас праходжання пашпартнага кантролю ўдзельнікаў хроснага ходу
сустракалі ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікалі на загад
міграцыйнай службы.
Праваслаўным вернікам паведамілі, што шэсце нe ўзгоднена з мясцовымі
ўладамі і Беларускай праваслаўнай царквой. Акрамя таго, арганізатарамі
хроснага ходу ў межах Беларусі нібыта могуць быць толькі грамадзяне
Беларусі. Пасля гэтага вернікам загадалі вярнуцца на тэрыторыю Ўкраіны.
Арганізатар хроснага ходу Юры Шышкоў здзіўлены заявай беларускіх
уладаў, што ладзіць падобныя шэсці могуць толькі грамадзяне гэтай
краіны. Паводле словаў спадара Шышкова, цяпер хросны ход працягваецца
па ўкраінскай тэрыторыі, што знаходзіцца побач з Беларуссю, і калі
будзе атрыманы адпаведны дазвол, вернікі ў любы момант гатовыя перасячы
мяжу. У іншым выпадку ўдзельнікі шэсця збіраюцца скарыстацца транспартам,
каб праехаць Беларусь транзітам і працягнуць хросны ход у Расіі.
Юры Шышкоў таксама паведаміў, што ўдзельнікі шэсця падтрымліваюць
дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі, але цяперашнія захады беларускіх
уладаў прымушаюць вернікаў перагледзець свае погляды.
Радыё “Свабода”
|