Славяне ў Еўропе
Даўгаўпілская гарадская дума рэалізавала праект PHARE “SLAVIC PIE”
(Slavic People in Europe), што ў перакладзе азначае “славянскі пірог”.
Праект фінансуецца са сродкаў Еўрасаюза і Латвійскага фонду грамадскай
інтэграцыі. Агульны кошт 22 689 еўра. Мэта — збліжэнне і аб’яднанне
народаў, якія пражываюць ў Балтыі. Галоўная роля ў рэалізацыі праекта
адводзіцца Цэнтру рускай культуры Даўгаўпілса.
Прадугледжана абучэнне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры на
розных курсах, падрыхтоўка моладзі ў якасці гідаў па Даўгаўпілсу,
выданне інфармацыйнага буклета аб этнічных таварыствах горада, правядзенне
фальклорнага фестывалю і месяца Славянскай культуры.
Завяршэннем праекта стала міжнародная канферэнцыя “Усходнія славяне
ў Еўропе”. У гэтай канферэнцыі прынялі ўдзел таксама і беларусы:
навукоўцы з Віцебскага дзяржаўнага універсітэта — прафесар Валянціна
Маслава, дактары філалагічных навук Вольга Русілка і Алена Муратава
і магістр філалогіі Таццяна Бучэль (“Уздым” з рэфератам “Міфалагічныя
традыцыі ў каляндарных святах беларусаў і латышоў і праблема этнічнай
самаідэнтыфікацыі”).
У рамках Дзён славянскай пісьменнасці падведзены вынікі конкурсу
“Вобразы мілыя роднага краю”, які быў прапанаваны таварыствам “Уздым”
і Цэнтрам беларускай культуры для ўсіх тых, хто ведае і любіць Беларусь.
Пад такой жа назвай у Цэнтры беларускай культуры была арганізавана
выстава карцін новага сябра таварыства “Уздым” Галіны Жалабоўскай.
Таццяна Бучэль
|