Дзень беларускай культуры ў Латвіі

26 траўня адбыўся чарговы Дзень беларускай культуры ў нашым горадзе, які праходзіў у рамках Дзён славянскай пісьменнасці. Беларускі дзень пачаўся навукова-практычнай канферэнцыяй студэнтаў гуманітарнага факультэта Даўгаўпілскага універсітэта пад назвай “Беларускі народны касцюм як аб’ект даследавання гісторыі народа”. Слухачам былі прадстаўлены наступныя рэфераты:

1. “Традыцыйны беларускі касцюм” — Бучэль Таццяна (кіраўнік канферэнцыі);
2. “Народнае адзенне беларусаў ХІХ-ХХ стагоддзяў” — Янцуковіч Івіта (студэнтка 2 курса);
3. “Жаночыя галаўныя ўборы” — Несцярава Алена (студэнтка 2 курса);
4. “Кашулі” — Ерахціна Ганна (студэнтка 2 курса);
5. “Безрукаўнае адзенне” — Някрасава Ірына (студэнтка 2 курса);
6. “Паясное адзенне” — Тэльмінава Надзея (студэнтка 2 курса);
7. “Пояс як важная частка нацыянальнага касцюма” — Вагуле Эгіта (студэнтка 2 курса);
8. “Народны касцюм у беларускім фальклоры” — Галіна Сантоцкая (метадыст ЦБК), Зінаіда Сіліня (спявачка ЦБК).

На канферэнцыі прысутнічалі шматлікія госці: моладзь, вучні сярэдняй школы №6 разам з настаўніцай Сантай Чэйране, сябры “Уздыма”, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь Генадзій Ахрамовіч. Дзякуючы цікавым дакладам студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову ў нашым універсітэце, адбыўся цікавы экскурс у гісторыю беларускага касцюма, Самае прыемнае, што ўсе ўдзельнікі былі апрануты ў беларускія народныя касцюмы, якія ёсць у наяўнасці ў нашым Цэнтры культуры. Такім чынам адбылася яшчэ і дэманстрацыя прыгажосці беларускіх касцюмаў.

Студэнцкія даследаванні на навуковыя працы ніякім чынам не прэтэндуюць. Мы карысталіся шматлікімі даследаваннямі нашых славутых навукоўцаў, без якіх немагчыма ўвогуле ні адна праца на краязнаўчую тэму.

Пачатак даследавання беларускага касцюма заклалі гісторыкі і этнографы. Мэтанакіравана збіраць сведчанні аб адзенні пачынаюць у XIX стагоддзі вядомыя этнографы: Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі, Еўдакім Раманавіч Раманаў, Павел Васільевіч Шэйн, Яўхім Фёдаравіч Карскі, Міхаіл Фёдаравіч Раманюк і іншыя. Іх аб’ядноўвала цікаўнасць да касцюма як летапісу беларускага жыцця. Мець уяўленне аб народным касцюме не проста цікава, а патрэбна, каб гэты летапіс не толькі прачытаць, але і зразумець. Спецыялісты сцвярджаюць, што ніякая галіна ці кніга не могуць даць тых сведчанняў аб чалавеку, эпасе, якія дае народны касцюм.

Традыцыйны беларускі строй — адзін з галоўных элементаў культуры Беларусі. Лічыцца, што пасля мовы касцюм з’яўляецца галоўнай этнічнай прыкметай. Ён яскрава адлюстроўвае характар народа, узровень яго духоўнага і матэрыяльнага жыцця.

У наш час беларускі нацыянальны касцюм ва ўсёй сваёй прыгажосці працягвае сваё жыццё ў мастацкай самадзейнасці, на харэаграфічных і тэатральных сцэнах, з’яўляецца аб’ектам адлюстравання ў творах мастацтва, а таксама аб’ектам даследавання для тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Любыя веды аб мінулым узбагачаюць нашу гістарычную памяць. Народныя беларускія строі ва ўсёй сваёй прыгажосці і непаўторнасці з’яўляюцца маўклівымі сведкамі гэтай гісторыі. У наш час беларускі народны касцюм стаў прадметам асэнсавання не толькі гісторыі беларускага народа, але і агульнай гісторыі славянскіх народаў.

Менавіта па гэтай прычыне мы і прысвяцілі сваю канферэнцыю Дням славянскай пісьменнасці; святу, якое штогод з вялікім размахам праводзіцца ў нашым шматнацыянальным горадзе.

Прыгажосць і непаўторнасць беларускіх нацыянальных касцюмаў можна было ўбачыць і на гала-канцэрце, які адбыўся ў Цэнтры латышскай культуры. Да нас прыехалі беларускія калектывы з Віцебска, Вісагінаса, Рыгі, Вільнюса. Дырэктар “Славянскага базару ў Віцебску” Радзівон Бас прывёз свой прафесійны ансамбль “Лявоніха”, які пакарыў нашых гараджан беларускімі народнымі танцамі і песнямі.

У гэты святочны дзень адбыўся дэбют танцавальных калектываў ЦБК: дзіцячага “Вясёлка” і дарослых — “Лянок”. У канцэрце прымалі ўдзел таксама наша “Купалінка”, “Ластаўкі”, саліст Павел Прозар, ансамбль акардэаністаў, салісты рыжскай “Надзеі”, ансамбль “Світанак” з Вісагінаса, спявачка-бард з Вільнюса Ганна Пазлевіч, салістка Віцебскай філармоніі Валянціна Шылава, салістка рыжскай оперы Тамара Клімко.

На наступны дзень усе нашы госці прынялі ўдзел у заключным канцэрце фестывалю славянскай культуры “Славянскі каравай” на галоўнай плошчы горада. Выступалі таксама шматлікія вакальныя і танцавальныя калектывы рускага, украінскага, польскага, беларускага таварыстваў нашага горада.

Таццяна Бучэль
‹‹ на галоўную | у архіў