Праекты законаў будуць абмяркоўваць у Інтэрнэце?

Абмяркоўваць на ўрадавых сайтах праекты законаў прапанавала дэпутат Вольга Абрамава. Калі прэзідэнт адказваў на пытанні ў парламенце, яна пацікавілася, ці ёсць такая магчымасць. Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў і адказаў, што праекты законаў ужо ёсць на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

— Я яшчэ не правярала, але, думаю, што калі прэзідэнт даў такое даручэнне ўраду, яго ўжо маглі выканаць, — выказала здагадку Вольга Абрамава. — Але трэба не толькі змяшчаць на сайтах праекты законаў, але і прывязваць да іх форумы, на якіх усе зацікаўленыя маглі бы іх абмяркоўваць, уносіць свае прапановы. І патрэбна аналітычная група, якая будзе гэтыя прапановы апрацоўваць.

Учора “Камсамолка” паспрабавала знайсці на бачыне міністэрстваў хоць бы адзін праект закона. Апынулася, што ў міністэрства гандлю, якое прапаноўвае праект закона “Аб рэкламе” сайту няма наогул. Сёлета ў парламенце плануецца разгледзець Кодэкс аб адукацыі і законы “Аб ахове здароўя”, “Аб іпатэцы”, “Аб турызме”. Але на сайтах міністэрстваў пра такія праекты не гаворыцца ні слова.

Дарэчы, даведацца пра тое, якія законы будуць прымаць у бліжэйшы час можна на сайце Цэнтру законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Беларусі (http://ncpi.gov.by/ncla/). Але там змешчаныя не самі праекты, а толькі іх назвы. Тэксты можна пашукаць на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (www.pravo.by) Аднак ніякіх прапаноў і заўваг па праектах на старонцы не прымаюць. На форуме толькі задаюць пытанні, на якія часта адказваюць самі наведвальнікі, прычым не заўсёды правільна.

Толькі Мінфін дазволіў беларусам уносіць свае прапановы па спрашчэнні падатковага заканадаўства. І нават не ў Інтэрнэце, а па тэлефоне. Да 30 чэрвеня ў міністэрстве працуе “гарачая лінія” (017) 200-43-31.

За тыдзень па гэтым нумары звярнуліся каля 20 чалавек. Аднак датэлефанавацца ў Мінфін не так проста. Гэта не вылучаная лінія, а працоўны тэлефон міністэрства, з якога яшчэ і факсы адпраўляюць. Супрацоўніку “Камсамолкі” давялося пачуць у трубцы доўгія гудкі толькі пасля двух гадзін бесперапыннага набору нумара.

Паводле: www.kp.belkp.by,
news.tut.by
‹‹ на галоўную | у архіў