КДБ плануе перадаць у суд справу аб тэрарызме падчас выбараў
У найбліжэйшы час крымінальная справа ў адносінах сяброў незарэгістраванай
арганізацыі “Партнёрства” будзе накіраваная ў суд. Пра гэта паведаміў
сёння старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка.
Разам з тым ён дадаў, што камітэт працягвае даследаванне крымінальнай
справы, распачатай напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў па фактах, звязаных
з падрыхтоўкай тэрарыстычных актаў.
“Тое, пра што я казаў напярэдадні выбараў, на жаль, знаходзіць
пацверджанне”.
Паводле Сцяпана Сухарэнкі, “фігурантамі па справе праходзяць ня
толькі асобы, што пражываюць у Беларусі, але галоўным чынам з-за
мяжы”.
Кіраўнік КДБ заявіў, што ў сувязі з гэты будуць зробленыя некаторыя
захады ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. Ён дадаў, што па гэтай
справе “будзе прыцягненне да крымінальнай адказнасці”.
Удакладнім, што чацвёра сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”
– Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка і Аляксандр
Шалайка – былі арыштаваныя 21 лютага сёлета.
Як паведаміў 2 сакавіка старшыня КДБ яны былі арыштаваныя ў сувязі
з датычнасцю да падрыхтоўкі сілавога скідання ўлады. Паводле Сухарэнкі,
сцэнар апазіцыі прадугледжваў правядзенне ў Мінску шматтысячнага
мітынгу, падчас якога “ў натоўпе планавалася ўзарваць выбуховыя
прыстасаванні”.
Арыштаваным сябрам “Партнёрства” было прад’яўлена абвінавачванне
паводле артыкулу 193 крымінальнага кодэксу – “арганізацыя альбо
кіраўніцтва аб’яднаннем, якое замахваецца на асобу і правы грамадзян”.
Пазней, 16 сакавіка, напярэдадні выбараў на чарговай прэсавай канферэнцыі
старшыня КДБ паведаміў, што затрыманая група асобаў, якія рыхтавалі
выбухі чатырох школаў у Мінску. На прэс-канферэнцыі быў прадэманстраваны
відэазапіс паказанняў асобы, якая гаварыла, што праходзіла падрыхтоўку
ў лагерах баевікоў за мяжой, дзе яго навучалі абыходжанню са зброяй,
а таксама з метадамі масавага атручвання людзей.
Старшыня КДБ таксама паведаміў сёння, што затрыманыя, а потым вызваленыя
пад падпіску аб нявыездзе брыты Мурашкі, па ранейшаму праходзяць
па справе аб выбухах у Віцебску. Паводле Сцяпана Сухарэнкі браты
Мурашкі датычныя да гэтых выбухаў, але следства яшчэ вызначыць ступень
іх удзелу.14 і 22 верасня летась у выніку выбухаў у цэнтры Віцебска
пацярпелі 40 чалавек.
Паводле радыё “Свабода”
|