Малітва па-беларуску ад Бенядзікта XVI
Учора ў Варшаву прыляцеў Папа Рымскі Бенедыкт XVI для сустрэчы
з каталіцкімі святарамі Польшчы, Украіны, Расіі, Беларусі, кіраўніцтвам
Польшчы. Так ён распачаў чатырохдзённую пілігрымку на радзіму свайго
папярэдніка Яна Паўла ІІ. Сёння на варшаўскім пляцы Пілсудскага,
у час імшы, якую адслужыць папа, будзе прачытаная малітва па-беларуску.
Прычым зробіць гэта былы вязень мінскай турмы на вуліцы Акрэсціна.
Учора на Пляцы Пілсудскага ўвесь дзень ішла падрыхтоўка да імшы
– плануецца, што ў ёй возьмуць удзел каля двух мільёнаў вернікаў.
Рыхтуецца да імшы і беларускі студэнт з Варшавы Зміцер Гурневіч
– менавіта ён прачытае з папскага алтара малітву па-беларуску. Яе
пачуюць мільёны людзей ва ўсім свеце. Як атрымалася, што менавіта
Зміцеру выпаў гонар зрабіць гэта?
Са слоў Зміцера, яму пазваніў біскуп мінска-магілёўскай архідыяцэзіі
і запытаў, ці ня мог бы ён гэта зрабіць. “Гэта, я думаю, чыста тэхнічны
момант – я жыву ў Варшаве і мне лягчэй гэта зрабіць. Але з другога
боку, можа гэта і не выпадкова. Па-першае, я каталік, а па-другое,
малітва, якую я буду чытаць, гэта малітва за свабоду і за зняволеныя
народы. Магчыма, там ведалі, што я сядзеў 10 дзён на Акрэсціна за
ўдзел ў акцыях пасля выбараў у Мінску. Можа гэта таксама мела значэнне”.
Зміцер лічыць вялікім гонарам тое, што малітву па-беларуску ўпершыню
ў часе такой вялікай падзеі прачытае менавіта ён: “Я вельмі ўзрушаны.
Беларуская мова, гэта адна з усяго трох моваў, на якіх будзе весціся
набажэнства (яшчэ па-польску і па-ангельску). Я быў на рэпетыцыі
– сэрца моцна б’ецца, я хвалююся, каб добра прачытаць, але з другога
боку тое, што беларусы змогуць пачуць малітву па-беларуску, дадае
шмат сілаў. Вельмі цешуся. Яшчэ і малітва па зместу блізкая да таго,
што адбываецца цяпер у Беларусі. Тое, што беларуская мова будзе
адной з трох моваў імшы заўтра – шмат аб чым сведчыць”.
www.svaboda.org
|