Выступ “Вольнага тэатру” сабраў аншлаг у Парыжы

20 траўня беларускі “Вольны тэатр” выступіў у Францыі на фэсце “Парыжская вясна”. Спектакль “Пакаленне Jeans” прайшоў у тэатральнай зале Дому Еўропы і Усходу, узначаленага тэатральным прадзюсерам і выдаўцом Дамінікам Дольміе. Гэты паказ спектакля “Вольнага тэатра” апынуўся першым у гісторыі выступам прафесійнай беларускай трупы на парыжскіх тэатральных падмостках.

Спектакль “Пакаленне Jeans” быў запрошаны на фэст спантанна, за тры тыдня да яго пачатку. Нягледзячы на спантаннасць запрашэння, спектакль сабраў аншлаг. Сярод гледачоў можна было ўбачыць дырэктара прэстыжнага тэатральнага фэсту ў Нансі Жан-П'ера Цібада, прадзюсера і тэатральнага рэжысёра Крысціяна Бенедэцці, дзяржаўнага дарадцу Анры Пленёля.

Спектакль суправаджаў сінхронны пераклад, выкананы Юрыем Вавохіным, Вірджыніяй Шыманец і Алексісам Вадро.

Пасля свайго паспяховага выступу “Вольны тэатр” атрымаў шэраг прапаноў ад французскіх тэатральных менеджэраў і імпрэсарыё. Жан-П’ер Цібада даўно цікавіўся спектаклямі беларускага тэатральнага калектыву, прапанаваў “Вольнаму тэатру” ўдзел у прэстыжным фэсце Passages, што традыцыйна праходзіць у французскім Нансі. Было прапанавана паказаць на гэтым фэсце два спектакля: “Пакаленне Jeans” па п’есе Мікалая Халезіна і новы спектакль ў пастаноўцы Ўладзіміра Шчэрбаня, еўрапейская прэм’ера якога можа адбыцца ў межах гэтага прэстыжнага тэатральнага форума.

Цікаўна, што фэст у Нансі, у 2007 годзе пройдзе ў Люксембургу, абвешчаным сёлета культурнай сталіцай Еўропы.

Таксама “Вольным тэатрам” была прынятая прапанова Крысціяна Бенедэцці аб адчыненні на базе парыжскага Studio Theatre еўрапейскай штаб-кватэры “Вольнага тэатру”. З гэтага часу трупа беларускага калектыву зможа рыхтаваць свае прэм’еры ў Францыі, на прэстыжнай французскай пляцоўцы Studio Theatre. Тэатральны прадзюсер і рэжысёр Крысціян Бенедэцці, які працаваў з Антуанам Вітэзам, Анатолем Васільевым і Андрэем Таркоўскім, зрабіў дадзеную прапанову “Вольнаму тэатру”, выявіўшы карпаратыўную салідарнасць і ўвагу да праблем, што пераследуюць тэатр у сябе на радзіме.

Дырэктар “Вольнага тэатра” Наталля Каляда, ацэньваючы вынікі выступу ў Парыжы, сказала наступнае: “Выступ “Вольнага тэатру” на парыжскіх тэатральных падмостках можна лічыць гістарычнай падзеяй для нашай краіны, яшчэ не адзін беларускі прафесійны тэатральны калектыў не меў магчымасці выступіць у французскай сталіцы. Калі гаварыць аб прапановах кіроўных французскіх імпрэсарыо, то іх я расцэньваю як адназначна выдатную адзнаку нашай працы”.

www.dramaturg.org

 

‹‹ на галоўную | у архіў