Беларуская суполка ў Ялце
Наша арганізацыя МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” атрымала ліст ад кіраўніка
ялцінскай суполкі “Белая Русь” Пятра Якубука, які жывучы за мяжой
не забывае пра сваю радзіму, працягвае працаваць на яе гонар і карысць.
“Мы — беларусы!” — піша спадар Пётр Якубук у сваім лісце. — “Як
аддзяленне Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства ў г. Ялта
легалізаваліся 26 верасня 2001 года. Але не юрыдычнай асобай”.
Праз пэўны час гурток беларусаў-“першапраходцаў” прыйшоў да выніку,
што трэба легалізаваць гарадскую суполку юрыдычна, афіцыйна. Гэта,
вартая вашай увагі падзея адбылася 17 студзеня 2005 года.
“У дзень, калі ў Беларусі, напэўна, валіў з нябёс снег, а ў Ялце
— ліў дождж”, — працягвае спадар Якубук, — “на нашу сходку сабраліся
не толькі жыхары Ялты, да нас прыехалі кіраўнікі беларусаў Крыму
з прадстаўнікамі г. Сімферопаля”.
Па расповеду Пятра Якубука, сход адбыўся цудоўны, не гледзячы на
тое, што людзей з-за дажджу было ня шмат. Тады ж была зроблена справаздача
па былой дзейнасці, выступаў старшыня суполкі беларусаў Крыму, Рыгор
Фёдаравіч Жукоўскі і іншыя. У выніку былі праведзены выбары старшыні
ялцінскай суполкі “Белая Русь” (на гэта месца выбралі Пётра Якубука)
і Праўлення.
Закрыццём сходкі стала адкрыццё асабовай выставы Пятра Якубука,
прысвечанай як сходу, так і 35-годдзю творчай і грамадскай дзейнасці.
Як тады паведамлялі СМІ Ялты і Крыму — свята ўдалося.
Аб кіраўніку суполкі “Белая Русь” можна распавядаць доўга...
Пётр Якубук нарадзіўся і вырас у Беларусі. Яго родныя мясціны:
вёска Дзям’янавічы Брэсцкай вобласці, дзе ён нарадзіўся ў 1937 і
мястэчка Кобрын, дзе ён выхоўваўся ў дзіцячым доме №2. Яшчэ ў дзяцінстве
маці выхавала ў ім пачуццё прыгажосці. А выхавацель у дзіцячым доме
казаў, што “Ты Пятрок, абавязкова будзеш мастаком”. Так і было...
У 1958 годзе Пётр Якубук паступае ў Мінскую мастацкую вучэльню...
Атрымаўшы ў 1963 годзе па стану здароўя вольны дыплом, ён пераехаў
у Ялту. Там Пётр пачаў працаваць як мастак-ювелір. У яго працах
пераважала крымская тэматыка, народжаная крымскай прыродай.
Мастак спрабаваў свае сілы ў розных жанрах: ювелірная праца, пастэль
і аловак, таксама піша маслам і акварэллю...
Творчая дзейнасць яго пачалася з 1969 года. Тады ён прыйшоў у Ялцінскія
вытворча-мастацкія майстэрні. З гэтага ж года пачынаецца і выставачная
пара ў яго творчасці. Першы поспех на рэспубліканскай выставе ў
1970 годзе яму прынесла калье і завушніцы з крымскай тэматыкай —
“Учан-су”.
У 1990 годзе Пётр Якубук быў прыняты ў Саюз мастакоў Украіны. У
гэты час ён быў ужо ўдзельнікам адной міжнароднай, трох усесаюзных,
і дзесяці рэспубліканскіх мастацкіх выстаў. А калі ўлічваць яго
ўдзел у выставах Мастацкага Фонду Украіны, то колькасць іх будзе
лічыцца дзесяткамі.
Шэсць год, з 1993 па 2000 гг. Якубук быў старшынёй Ялцінскай арганізацыі
Нацыянальнага Саюза мастакоў Украіны.
Ужо больш 40 год Пётр Якубук жыве і працуе ў Ялце, але ён не забывае
пра родную Беларусь. Зараз ён старшыня Ялцінскага аддзялення Беларускага
нацыянальна-культурнага таварыства. І калі па святах і Днях горада
ў цэнтры Ялты праводзіцца фестываль творчасці народаў Крыма, ён
прадстаўляе на іх беларусаў.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Прэс-сакратар Сацукевіч Дар’я
|