Беларус вылучаны на Нобелеўскую прэмію
Беларусы доўгі час марылі пра Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры,
але можа так стацца, што першым беларускім Нобелем будзе прэмія
міру. Прынамсі, сёлета беларус апынуўся ў шорт-лісце кандыдатаў.
Гэта праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Спіс патэнцыйных кандыдатаў штогод публікуецца Міжнародным інстытутам
даследаванняў міру (МІДМ), што месціцца ў сталіцы Нарвегіі Осла.
МІДМ падкрэслівае непацверджанасць сваіх звестак, але, як удалося
даведацца “Нашай Ніве” з крыніцаў у парламенце Нарвегіі, кандыдатуру
Алеся Бяляцкага сапраўды прапанавала група дэпутатаў ад розных партыяў.
МІДМ працуе ў тым самым горадзе, што і Нобелеўскі камітэт, але
фармальна яны ніяк не звязаныя. Дырэктар МІДМ штогод на просьбу
журналістаў публікуе свае нобелеўскія прыкідкі.
У вылучэнні А.Бяляцкага няма нічога дзіўнага. Нарвегія з цікавасцю
і сімпатыяй прыглядаецца да Беларусі. У красавіку прэм’ер-міністр
гэтай краіны прыняў лідэра беларускага дэмакратычнага руху Аляксандра
Мілінкевіча.
Сам Алесь Бяляцкі сёлета атрымаў у Нарвегіі праваабарончую прэмію
імя Сахарава, а ў Чэхіі з рук Вацлава Гавэла – прэстыжную прэмію
“Homo homini” (“Чалавек чалавеку”). “Гэта было нечакана для мяне,
прычым, вось супадзенне, пра абедзве прэміі мне паведамілі ў той
самы дзень, хоць рашэнні прымаліся абсалютна незалежна”, – кажа
А.Бяляцкі.
У Беларусі А. Бяляцкі атрымаў толькі адну прэмію, і тую аж у 1990
годзе. То была прэмія часопісу “Маладосць” за цыкл літаратуразнаўчых
публікацый.
Алесь Бяляцкі стварыў адну з самых значных праваабарончых арганізацый
Беларусі – праваабарончы цэнтр “Вясна”. Ён узначальваў “Вясну”,
пакуль яе не забаранілі з пазову Міністэрства юстыцыі. Праца ў “Вясне”
зрабіла яго цэнтральнай фігурай супольнасці няўрадавых арганізацый
і апазіцыйнага руху. Два дзесятка разоў яго судзілі. Пры наданні
А.Бяляцкаму прэміі Сахарава Нарвежскі Хельсінскі Камітэт спецыяльна
падкрэсліў адсутнасць у яго палітычных амбіцый Сапраўды, нават па
месцы свайго нараджэння (Карэлія, куды саветы вывезлі ягоных бацькоў
на працы) А.Бяляцкі паводле беларускага заканадаўства ня можа прэтэндаваць
на прэзідэнцкую пасаду.
Але меркаванне МІДМ і намінацыя – усяго толькі меркаванне і намінацыя.
Шанцы А.Бяляцкага нарвежскія эксперты лічаць невялікімі.
Той самы МІДМ называе самым імаверным прэтэндэнтам на сёлетнюю
ўзнагароду Марці Ахтысаары. Былы прэм’ер-міністр Фінляндыі, цяпер
ён узначальвае “Антыкрызісную ініцыятыву” – недзяржаўную арганізацыю,
якая ажыццяўляе пасярэдніцтва ў міждзяржаўных канфліктах. Ён можа
раздзяліць прэмію з прэзідэнтам Інданезіі Сусіла Бамбангам Юдхаёна.
Разам яны прыйшлі да мірнага вырашэння задаўненага крывавага канфлікту
ў інданезійскай правінцыі Ачэх.
Вялікія шанцы мае і Карла дэль Понтэ, кіраўніца Міжнароднага трыбуналу
па былой Югаславіі. Прэстыжныя нарвежскія прэміі ў апошнія гады
атрымлівалі Рэбія Кадыр – актывістка ўйгурскага нацыянальнага руху,
што сядзіць у кітайскай турме, Ліда Юсупава чачэнская адвакат, што
абараняе ахвяраў вайны. Ужо некалькі гадоў трымаюцца ў спісе прэтэндэнтаў
іракскі духоўны лідэр Аятала Сыстані, міжнародная арганізацыя “Уратаваць
дзяцей”. Ёсць на алоўку і такія яркія фігуры, як венесуэльскі прэзідэнт
Уга Чавес.
Выбар лаўрэата ажыццяўляе камітэт у складзе пяці чалавек, якія
дэлегуюцца рознымі партыйнымі фракцыямі парламенту. Да гэтага пытання
нарвежцы ставяцца як да справы нацыянальнага гонару.
Карупцыі ў Нарвегіі практычна няма, а дабрачыннасць у гэтай пратэстанцкай
краіне (самай багатай па ВУП на душу насельніцтва ў свеце) узведзеная
ў ранг нацыянальнай традыцыі. Таму Нобелеўскі камітэт вінавацяць
у горшым выпадку ў палітызаванасці выбару. Часам яна наўмысная.
Прэмію ў свой час атрымалі Нэльсан Мандэла – лідэр руху барацьбы
з апартэідам, Андрэй Сахараў (1975) – самы вядомы з савецкіх дысідэнтаў,
Лех Валенса (1983) – лідэр польскай “Салідарнасці”, кіраўніца бірманскай
апазіцыі Су Джы і яшчэ кіраўнікі вызваленчага руху Ўсходняга Тымару.
Камусьці з іх гэтае найвышэйшае сусветнае прызнанне дапамагло захаваць
свабоду, камусьці – нават жыццё. Яшчэ дзесьці гэта дапамагло ўнікнуць
крыві – галоўная задача прэміі.
Часам Нобелеўскі камітэт кіруецца больш тонкімі меркаваннямі. Гэтак,
летась прэмія нечакана знайшла Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі
і яго дырэктара Мухамеда аль-Барадэя. Такі выбар антыядзерныя актывісты
моцна крытыкавалі. Аднак яго можна зразумець. Развіццё, а можа і
выжыванне чалавецтва залежыць ад паспяховасці кантролю за распаўсюджваннем
атамнай зброі – далікатнай задачы МАГАТЭ. Каб аль-Барадэй меў больш
вагі на міжнароднай арэне, адчуваў сябе больш незалежна і кіраваўся
толькі найвышэйшымі інтарэсамі чалавецтва, яго адзначылі Нобелем.
Да таго ж, гэта было сімвалічна для арабскага свету (аль-Барадэй
– егіпцянін).
Дагэтуль ніводны беларус не атрымліваў прэстыжнай узнагароды. Ураджэнцы
Беларусі – Ахарон Клуг (хімія), Сайман Сміт Кузнец (эканоміка),
Жарэс Алфёраў (фізіка), Менахем Бегін і Шымон Пэрес (мір) – але
не грамадзяне краіны.
У свой час Сяргей Дубавец пісаў, што атрыманне Нобелеўскай прэміі
было б важным для ўмацавання нацыянальнага гонару беларусаў. Прэмія
праваабаронцу, несумненна, была б таксама штуршком для палітычнай
свядомасці беларусаў.
“Наша Ніва”
|