Рыгор Барадулін прэзентуе сваю кнігу ў Варшаве

24 траўня 2006 ў Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Ксты” – паэт, разам з філолагамі-навукоўцамі з БДУ прыехаў у польскую сталіцу на запрашэнне Варшаўскага ўніверсітэту.

А 10-й раніцы аўдыторыя кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту запоўнілася амаль цалкам – некаторыя студэнты сядзелі на прыступках. Пётра Дудановіч:
— Я цікаўлюся беларускай літаратурай, а спадар Барадулін для мяне – увасабленне ўсяго найлепшага і вышэйшага, што ў ёй ёсць. Ягоныя творы, асабліва з кніжкі “Ксты” і асабліва верш “Пусці ў душу Хрыста” вельмі шмат для мяне значыць. Я проста ня мог сюды не прыйсці.

На сустрэчу з Рыгорам Барадуліным прыйшоў выбітны перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову Чэслаў Сэнюх, які, сярод іншага, пераклаў больш за 170 лістоў Барадуліна да Васіля Быкава. Па словах спадара Сэнюха: “Сярод беларускіх паэтаў, якія жывуць і пішуць цяпер, Барадулін, на мой погляд, найбольш значны і цікавы. Ён паэт усім сваім жыццём, ён ня можа не пісаць. Барадулін, гэта паэт-прарок, так як Васіль Быкаў быў празаікам-прарокам”.

У часе сустрэчы некалькі разоў уздымалася тэма Нобелеўскай узнагароды для Рыгора Барадуліна. Чэслаў Сэнюх упэўнены, што паэт заслугоўвае гэтай ўзнагароды: “Барадулін, я абсалютна ўпэўнены, павінен атрымаць Нобелеўскую прэмію і заслугоўвае яе”.

Пэўным шокам для некаторых прысутных была інфармацыя аб тым, што творы народнага паэта Беларусі на ягонай радзіме афіцыйна не выдаюць. Сам Рыгор Барадулін, аднак, не наракаў – ён дзяліўся з прысутнымі ўспамінамі маладосці, чытаў шмат вершаў: “Упершыню за мяжу я паехаў з калегамі-студэнтамі якраз у Польшчу ў 1956 годзе. Там у нас быў прымач, уключылі яго, а там перадача па-руску. Кіраўнік групы кажа – вось, будзеце слухаць тут Маскву. А там раптам: “Говорит Радио Свобода – вы слушаете правду о жизни в Советском Союзе”. Тады ён – выключайце, гэты прымач сапсаваны!”

Пасля сканчэння сустрэчы да па аўтографы Рыгора Барадуліна выцягнулася даўжэзная чарга студэнтаў.

www.hrodna.by
‹‹ на галоўную | у архіў