Адкрыты ліст да заснавальнікаў газеты “Голас Радзімы”
Вельмі шаноўнае спадарства!
20 красавіка гэтага года газета “Голас Радзімы” выпусціла чарговы
нумар газеты /№16-18/, змясціўшы шэраг матэрыялаў на рускай мове,
тыраж газеты, як быў да гэтага нумару 2207 экз., знізіўся да 1361
экз., амаль на тысячу, а таму нашай суполцы — гурту беларускай культуры
“Зорка Венера” замест 13 экземпляраў газеты, пачалі дасылаць усяго
1 асобнік газеты. Але, паверце, калі б толькі гэты факт стаў прычынай
нашага жалю, мы не сталі б пісаць гэты адкрыты ліст, які рэдакцыя
газеты “Голас Радзімы” не друкуе на сваіх старонках толькі таму,
што ён з Украіны, краіны, якая прымае ў сябе беларускую апазіцыю,
палітычнага прытулку ў якой ужо просяць звыш 100 асобаў...
Звярнуцца з гэтым лістом нас прымусіла крыўда за нас, беларускіх
патрыётаў, якія ў замежжы захавалі любоў, павагу і адданасць сваёй
матчынай мове, якім зараз вы навязваеце чужую нам рускую мову: нашы
дзеці ў Заходняй Украіне ўжо не вывучаюць яе ў школе, а навучанне
вядзецца выключна толькі на роднай мове дзяржавы — украінскай. Руская
тут гэткая ж замежная мова, як англійская, нямецкая, польская, французская,
з той толькі розніцай, што заходнія мовы абавязковы для вывучэння
ад 2 класу, а руская не абавязкова, яе можна вучыць па жаданні ў
гуртку або факультатыве, але такіх гурткоў “кот наплакаў”... У саюз
з Расіяй Украіна не збіраецца, як бы таго не хацелі мясцовыя сепаратысты
з Данбасу і Крыму, а марудна, але ўпэўнена крочыць у агульнаеўрапейскі
дом – Еўрапейскі Саюз. А ў канцы гэтага, або ў наступным годзе Украіна
стане паўнапраўным чальцом НАТА. Пішу гэта не дзеля прапаганды палітыкі
Юшчанкі і яго ўраду, а для таго, каб вы ведалі, што беларусы Заходняй
Украіны на паддадуцца чарговай хвалі русіфікацыі, якую вы задумалі
на старонках газеты “Голас Радзімы”.
Мы просім вас вярнуць газеце “Голас Радзімы” статус цалкам беларускамоўнай,
якой яна і была да 20 красавіка 2006 года. Копію гэтага ліста мы
накіроўваем у міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне Беларусаў
Свету “Бацькаўшчына”, каб засведчыць пра распачатыя перамены ў моўнай
палітыцы газеты, якая павінна была б дапамагаць сваёй дыяспары заставацца
БЕЛАРУСАМІ са сваёй роднай мовай. Карыстаючыся тым, што “Бацькаўшчына”
выпускае штомесячны беларускамоўны інфармацыйны бюлетэнь “Беларусы
ў свеце”, мы просім спадарыню Алену Макоўскую змясціць гэты адкрыты
ліст у бюлетэні, каб уся беларуская дыяспара ведала пра распачатую
русіфікацыю чытачоў “Голасу Радзімы” і падтрымала наш пратэст супраць
друкавання матэрыялаў на рускай мове ў “Голасе Радзімы”.
НЕ — РУСКАЙ МОВЕ НА СТАРОНКАХ “ГОЛАСУ РАДЗІМЫ”!!!
17.05.2006 г.
Ад імя сяброў гурту беларускай культуры “Зорка Венера” — Пятрусь
Капчык, кіраўнік гурту,
г. Ізяславу, Украіна.
|