Пяцігодка нараджальнасці

Кожны павінен працаваць на дэмаграфічны выбух у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў чарговую прэзідэнцкую праграму “Дзеці Беларусі”, разлічаную на наступныя пяць гадоў. Гэта праграма павінна павялічыць нараджальнасць у Беларусі.

Карэспандэнтка радыё “Свабода” запыталася ў людзей на мінскіх вуліцах, што варта зрабіць, каб у Беларусі нараджалася болей дзяцей? У выніку — самы папулярны адказ быў — палепшыць эканамічнае становішча для моладзі, і ўвогуле для грамадства:

(Юнак: ) “Як мне падаецца, трэба, каб маладым сем’ям давалі жыллё. Гэта самае галоўнае”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, лепшыя эканамічныя ўмовы. Каб людзі не баяліся размнажацца, гадаваць дзяцей і гэтак далей”.

(Карэспандэнтка: ) “Што на вашу думку можа паспрыяць павелічэнню нараджальнасці ў Беларусі?”

(Спадар: ) “Найперш гэта, канечне, жыллё. Бо маладыя сем’і, якія ня маюць свайго кута ня могуць і планаваць далейшае жыццё. Ну і лепшае матэрыяльнае становішча каб было”.

(Юначка: ) “Упэўненасць павінна быць у будучыні. Каб было дзе жыць маладым сем’ям, каб добрая праца была, добры заробак. А галоўнае – гэта жаданне”.

(Спадар: ) “Калі людзі пачнуць добра зарабляць, калі змогуць забяспечыць сваю сям’ю, калі змогуць набыць жытло, а ня жыць па дваццаць гадоў у інтэрнаце ці за вялікія грошы здымаць кватэру. Вось тады і будзе нараджальнасць, а так гэта не рэальна”.

(Юначка: ) “Перш-наперш жыллё патрэбна. А таксама патрэбны той чалавек, для якога хацелася бы нарадзіць дзіця. А вось з гэтым, на жаль, вялікія праблемы”.

Паводле svaboda.org
‹‹ на галоўную | у архіў