Папярэджанне А.Мілінкевічу
У пракуратуры палітыка папярэдзілі аб тым, што сваімі выказваннямі
ў замежным друку ён нібыта дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь. Аляксандр
Мілінкевіч заявіў, што не спыніць сваёй дзейнасці і не будзе адмаўляцца
ад інтэрв’ю замежным выданням.
Аляксандра Мілінкевіча выклікалі ў пракуратуру, каб азнаёміць яго
з пастановай пракурора. Падставай для папярэджання сталі выказванні
палітыка, надрукаваныя ў польскай газеце “Rzeczpospolita”. У публікацыі
Аляксандр Мілінкевіч не выключаў, што беларускія ўлады маюць дачыненне
да нападу на польскага дыпламата Рышарда Бадоня-Легра ў Горадні,
які сканаў ад пабояў у Беластоку.
Каментуючы сітуацыю ў краіне кампаніі Бі-Бі-Сі, палітык паставіў
пад сумнеў права Аляксандра Лукашэнкі балатавацца на пасаду прэзідэнта,
а таксама ўсумніўся ў выніках прэзідэнцкіх выбараў.
Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што, не гледзячы на папярэджанне,
не будзе адмаўляць журналістам у каментарах: “Дзеянне гэтага артыкулу
яшчэ не выкарыстоўвалася. Думаю, што занадта шмат лідэры беларускай
апазіцыі гаварылі па свеце. З пункту гледжання ўлады, пара паказаць
ім іх месца і зрабіць усё, каб яны не выказваліся. А заўтра ж да
нас могуць звярнуцца па каментары. Трэба зрабіць так, каб маўчалі,
альбо казалі, што ўсё добра. Такая склалася сітуацыя… Трэба гаварыць
праўду. Калі займаешся палітыкай, то ад праўды не адысці. Дарэчы,
калі казалі праўду на сустрэчах з людзьмі па ўсёй краіне, гэта рабіла
самае вялікае ўражанне. Людзі адвучыліся ад праўды, а тут нехта
раптам кажа”.
Гэта другі выпадак, калі на падставе артыкулу Крымінальнага кодэксу,
прынятага напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, апазіцыйнаму палітыку
вынеслі папярэджанне. 17 траўня пракуратура папярэдзіла журналістку
Ірыну Халіп за шэраг артыкулаў, надрукаваных у расейскай газеце.
***
Артыкул крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за “дыскрэдытацыю
Рэспублікі Беларусь” быў разам з іншымі заканадаўчымі папраўкамі
прыняты ў снежні летась, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і ўступіў
у дзеянне з 1 студзеня 2006 году. Крымінальных спраў паводле гэтага
артыкулу пакуль распачата не было. На мінулым тыдні журналістка
Ірына Халіп атрымала пракурорскае папярэджанне аб недапушчальнасці
парушэння закону. Пракуратура палічыла, што яе артыкулы ў расейскай
“Новой газете” ўтрымліваюць прыкметы парушэння двух артыкулаў крымінальнага
кодэксу “Паклёп на прэзідэнта” і “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”.
Паводле news.tut.by
І радыё “Свабода”
|