10-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”

“Беларускае студэнцтва на чужыне”

У кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якую заснавала МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, – юбілей! Выдадзена 10-я кніга серыі. Ёй стала кніга ўспамінаў Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне”. Кніга адрэдагавана Лявонам Юрэвічам і багата насычана архіўнымі матэрыяламі. Гэта фактычна першыя і на дадзены момант адзіныя мемуары ў свеце, прысвечаныя беларускай вышэйшай адукацыі і беларускаму студэнцтву на эміграцыі. Шырокае выкарыстанне ўспамінаў дваццаці аднаго былога беларускага студэнта надало кнізе полімемуарны характар, што вельмі павялічвае яе каштоўнасць і дазваляе пазбегнуць характэрнага такім творам суб’екывізма. У выданні кнігі дапамагалі многія знакамітыя дзеячы беларускай дыяспары з розных краін: Янка Жучка, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Надзея Дробіна, Уладзімір Набагез і Марыя Ганько.

У прадмове Барыс Рагуля піша: “Я хачу пазбегнуць памылак іншых, хто ў сваіх успамінах расказвае пра мінулае так, быццам бы яны, аўтары ўспамінаў, вызначалі ход падзеяў. Я перакананы, што, калі б не было мяне, нехта іншы выканаў бы маю ролю... Мне пашчасціла апынуцца ў адпаведным месцы, у адпаведны час, пры адпаведных спрыяльных абставінах ды спаткаць адпаведных людзей.”

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

‹‹ на галоўную | у архіў