“Гераічны эпас”

Пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і Ірэны Каляда-Смірноў пабачыў свет восьмы альбом гурта “Стары Ольса”. Назва альбома – “Гераічны эпас. Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы”. Сюды ўвайшлі творы гераічнай тэматыкі часоў Вялікага Княства Літоўскага – толькі арыгінальныя старадаўнія мелодыі і толькі арыгінальныя старадаўнія песні.

Усе без выключэння прэзентаваныя песні грунтуюцца на гістарычных крыніцах – пісьмовых творах XIV—XVII стст. і нотных матэрыялах XVI—ХІХ стст. “Гераічны Эпас” – плён паўтарагадовай навуковай і творчай працы ўдзельнікаў гурта і навуковых кансультантаў. Навуковымі кансультантамі выступілі знаныя беларускія навукоўцы і фалькларысты – А.Дзітрых, Э.Зайкоўскі, А.Глушко, С.Акінчыц. Аранжыроўкі, музычныя адаптацыі гістарычных тэкстаў, трактаванне старадаўняй і народнай музыкі выкананы гуртом “Стары Ольса”.

Усе песні прысвечаны славутым героям і пераможным бітвам літвінаў-беларусаў. Гэта народныя песні, духоўныя творы, а таксама песні на тэксты славутых паэтаў і рыцараў ВКЛ, такіх як Мацей Стрыйкоўскі, Ян Козак, Саламон Рысінскі, Андрэй Рымша. Тэксты пакладзены на музыку ВКЛ з “Астрамечаўскага рукапісу”(“Полацкі сшытак”, XVI—XVIІ стст.), з нотнага зборніка “Piesni Chwal Boskich” Яна Зарэмбы 1558 г. і на народныя мелодыі. Для кожнай песні падабраны адпаведны па часе набор інструментаў: дуды, жалейкі, лютні, гуслі, ліра, дудка, барабаны.

На дыску, да прыкладу, прадстаўлены: народная балада “Падымалісь чорны хмары” пра перамогу жыхароў Крычыва над татарамі; духоўны гімн “Песнь о велебной девици панне Марии” (“Багародзіца”) са Статута ВКЛ 1529 г.; панегірычны твор 1430 г. “Пахвала Вітаўту”; урывак “Рыцарства ўсё сышлося” з рыцарскай паэмы 1585 г. Андрэя Рымшы; баявы псалом войска ВКЛ “Песнь Монаршэ Вечнэму”; народная беларуская песня “У каралеўскім войску”; “Аршанская бітва” паэта-рыцара Мацея Стрыйкоўскага (1582); беларуская балада XVI ст. “Рыцар Байда”; вайсковая песня 1686 г. “Песнь а Будзіне” і шмат іншага.

Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце гурта “Стары Ольса” – staryolsa.com

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў