Беластоцкая “Ніва” чакае 16-га траўня
У аўторак, 9 траўня 2006 году, у г.Беластоку завяршылася чарговае
паседжанне Беластоцкага Раённага Суда ў справе над сябрамі Ўправы
Праграмнай Рады Тыднёвіка “Ніва”, адзінай газеты беларускай нацыянальнай
меншасці ў Польшчы. Праходзілі апошнія слуханні сведак (у гэты дзень,
адзіным сведкам была Івона Гродзкая, былая супрацоўніца Дэпартамента
культуры нацыянальных і этнічных меншасцяў Міністэрства культуры
Польшчы). Яна засведчыла, што на той момант яе ведамства ў пытаннях
фінансавай падтрымкі розных арганізацый зыходзіла з наяўнасці грошай
ў іхным бюджэце, а ня з той сумы, якая запрошвалася арганізацыямі
Зыходзячы з паказанняў усіх праслуханых сведак, а таксама саміх
абскарджаных, адвакацкі бок звярнуўся з прапановай цалкам апраўдаць
іх кліентаў. Бок абвінавачвання настойвае на ўмоўным асуджэнні на
восем месяцаў з адтэрміноўкай на два гады і 700 даляраў штрафу былому
старшыні Праграмнай Рады прафесару Яўгену Мірановічу, а таксама
на адзін год умоўнага зняволення з адтэрміноўкай на тры гады і 1000
даляраў штрафу бухгалтарцы “Нівы” Марыі Паўлючук, а для дзевяці
сяброў Праграмнай рады — адзін год умоўнага пакарання і штраф па
200 даляраў кожнаму.
Сябры Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка “Ніва”, як і іх адвакаты,
ня згодныя з бокам абвінавачвання, і неаднаразова ўжо выказваліся
пра тое, што справа носіць перадузяты, надуманы характар. У заключным
слове цяперашні галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа звярнуў
увагу на падвышаную зацікаўленасць да гэтай справы міжнародных праваабарончых
арганізацый. Гэта, на яго думку, з’яўляецца галоўным пацвярджэннем
таго, што бок абвінавачвання штучна нацягвае справу.
Заключнае паседжанне, на якім Беластоцкі Раённы Суд абвесціць сваё
рашэнне мае адбыцца ў аўторак, 16-га траўня 2006-га году ў г. Беластоку,
у будынку Беластоцкага Суда, па вул. Марыі Кюры-Складоўскай, 1,
а 14-ай гадзіне польскага часу ў зале № 9.
Нагадаем, што сяброў Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка “Ніва” абвінавацілі
ў парушэнні закону аб рахункаводстве. У скарачэнні абвінавачванне
выглядае так, што сябры Управы вінаватыя ў тым, што бухгалтарка
не запоўніла, ці недакладна запоўніла, нейкія дакументы. Па словах
Яўгена Мірановіча: “Ад самага пачатку, калі пачалася акцыя Найвышэйшай
кантрольнай палаты ў рэдакцыі “Нівы”, вядома было, што шукаюцца
падставы для нейкага скандалу. А калі дзяржаўная ўстанова шукае,
заўсёды можа нешта знайсці. Як гаварыў сталінскі пракурор: “Пакажыце
мне чалавека, а адпаведны закон знойдзецца”. Удар па “Ніве” быў
дасканала распланаваны і па ўсім відаць у ім інтэлект прафесійных
правакатараў...".
Здзіўляцца ёсць чаму, бо нават бок абвінавачвання пацвярджае той
факт, што ў гэтым так званым парушэнні справаводства не прапала
ні адна залатоўка. Ні адзін грош ня толькі ня скрадзены, але і ня
згублены!
Зараз увага тых, хто салідарызуецца з ніўцамі, скіраваная на рашэнне
суда, якое агучаць 16-га траўня. Для беларусаў кожная дата 16-га
мае асаблівае значэнне. Беларусы штомесяц у гэты дзень запальваюць
свечкі ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. Судовае рашэнне
ў Беластоку будзе таксама агучана 16-га (якое сімвалічнае супадзенне).
Калі ж тое рашэнне ня будзе задавальняць сяброў Праграмнай Рады
тыднёвіка “Ніва”, то па іх словах, шукаць справядлівасці яны будуць
ў судах вышэйшых інстанцый, міжнародных.
Паводле www.spring96.org
|