Беларускай цэнзуры не падабаюцца вусы і гнаныя літаратары
Ідэю гэтага матэрыялу мне, можа і сам таго не жадаючы, падказаў
Генадзь Бураўкін. Ён паказаў толькі адзін, самы свежы прыклад цэнзуры,
які закрануў яго за жывое. Зацікавіўшыся, я адшукаў і іншыя выпадкі,
калі пільнае вока цэрбера не прапускала “сумнеўнае і нядобранадзейнае”
ў масы.
Паэт Генадзь Бураўкін: “Класікаў “выдалілі” з падручнікаў!”
Генадзь Бураўкін паказвае мне падручнік “Культуралогія. Тэорыя і
гісторыя культуры”, выданні БГЭУ 2004 года. Адчыняю старонку 402.
Тэма: “Сучасная літаратура”. Чытаю: “Адчыніліся спецсховы, і, нарэшце,
убачылі святло працы А. Мрыя, А. Гаруна, Л. Геніюш, Н. Арсеньевай...”.
— У гэтым нейкія чыноўнікі ўгледзелі “падрыў сённяшняй ідэалогіі”
і загадалі забраць з кнігарняў яшчэ не прададзеную частку тыражу,
— распавядае Бураўкін. – І выразалі “крамольную” 402-ю старонку,
замест яе ўклеіўшы “правільную”.
“Рэабілітаваных” літаратараў адтуль выкраслілі. Атрымалася, што
ніякія спецсховы і не адчыняліся...
Чытаем далей. На месцы “непажаданых” Арлова, Глобуса, Іпатавай,
Тарасава з’явіліся адпаведна Скобелеў, Сульянаў, Чаргінец. Рука
паднялася нават на хрэстаматыйных аўтараў: Барадуліна, Гілевіча,
Някляева, Разанава, Алексіевіч... Дарэчы, выкраслілі і Бураўкіна.
Іх месца занялі “прыдворныя” творцы: Праўдзін, Рублеўская, Шніп
і г.д.
— Атрымліваецца, што народныя паэты Беларусі Барадулін і Гілевіч
ўжо не вартыя, каб іх вывучалі студэнты?! — абураецца Генадзь Мікалаевіч.
— Што пра пісьменнікаў сённяшняя ўлада мяркуе не па таленце, а па
стаўленні ды яе чыноўнікаў?..
Цікава, што на суседняй, 403-й старонкі цэнзары “заадно” таксама
папрацавалі. Фраза “у канцы 1990-х — пачатку XXI стст. у краіне
разгарнулася рэканструкцыя, абнаўленне і добраўпарадкаванне невялікіх
гарадоў і пасёлкаў”, была злёгку ўдакладненая: “у другой палове
1990-х — пачатку XXІ ст. па ініцыятыве прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
А.Г. Лукашэнка...”. Далей — па тэксце. Як спявалася ў дзіцячым мульціку,
“сонца ўсходзіць і заходзіць па загадзе...”
Мастак Аляксей Марачкін: “Майму Чапаю падмалявалі вусы”
Карціны Аляксея Марачкіна шмат раз забараняліся і здымаліся з выстаў.
Але забараняць — справа вядомая. А вось каб цэнзары самі дамалёўвалі
гатовыя карціны...
— У кнігу “Ордэн белай мышы” Уладзімір Арлоў памясціў траўні графічныя
працы, створаныя яшчэ ў 70-х гадах, — распавядае Марачкін. — На
адным з малюнкаў я паказаў свайго вайсковага камандзіра, якога за
каларытныя вусы мы называлі Чапаям.
Выдавецкія празорцы апазналі ў малюнку 1973 года... аднаго вельмі
высокапастаўленага чалавека. Каб пазбегнуць падобных асацыяцый у
чытачоў, на малюнку падкруцілі вусы аж да самых вушэй!
— Я ўжо прашу чыноўнікаў, — смяецца Марачкін, — выпусціце брашуру
для мастакоў, дзе пазначце, якога памеру трэба маляваць вусы, каб
яны, не дай Божа, не супалі з вусамі вядомага нам дзеяча!..
— На другім малюнку я паказаў абстрактнага мужыка з усімі ягонымі
мужчынскімі вартасцямі, — працягвае Марачкін. — І калі ўбачыў у
кнізе свайго “кастрыраванага” героя, дык і смяяўся і плакаў адначасова!..
(Як сведчыць сам Арлоў, службовец крычаў: “Нам за кніжку Арлова
і так яйкі адкруцяць, а тут яшчэ Марачкін мужыка з яйкамі намаляваў!”)
Пісьменнік-гісторык Уладзімір Арлоў:
“Энцыклапедыі перапісваюцца кожны год”
— У мяне ў руках кніга першая 6-га тома “Энцыклапедыі гісторыі
Беларусі”, выдадзеная ў 2001 годзе, — распавядае Ўладзімір Арлоў.
“У артыкуле пра вядомае антыбальшавіцкае Слуцкае паўстане 1920 года
мы чытаем: “21 лістапада Беларуская Рада Случчыны выдала дэкларацыю,
у якой абвяшчаліся мэты яе дзейнасці: 1) Беларусь павінна быць вольнай,
незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах 2) ...Слуцкая Рада
дэкларуе цвёрда стаяць за незалежнасць роднай Беларусі... 3) У выпадку
патрэбы Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю зброі, нягледзячы
на колькасную перавагу ворага”.
Арлоў бярэ з паліцы 15-ы том “Беларускай энцыклапедыі”, які выйшаў
у 2002 годзе. Той жа артыкул перадрукаваны слова ў слова, за выключэннем
аднаго вышэйпрыведзенага абзаца. Рэдактары, пэўна, палічылі, што
чытачу не трэба інфармацыя, што Рада Случчыны змагалася за незалежнасць
Беларусі, абмежаваўшыся слізкім згадваннем аб тым, што “была прынятая
рэзалюцыя”!..
Тое ж самае і з артыкулам “Курапаты” ў розных выданнях. У энцыклапедычным
даведніку “Беларусь” 1995 года гаворыцца: “Курапаты — ўрочышча пад
Мінскам, дзе ў 1937 — 41 гг. органы НКУС БССР праводзілі масавыя
расстрэлы цывільных грамадзян”.
— Тут гаворыцца, што Курапаты сталі шырока вядомымі пасля публікацыі
ў 1988 годзе артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалева, — прымячае
Арлоў. — І даецца прыблізная лічба 30 — 100 тысяч ахвяраў.
У 4-м томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, які выйшаў у 1997
годзе, артыкул “Курапаты” пададзены ўжо ў іншым выглядзе. Не слова
аб Пазняку і Шмыгалеву, і далей вялізныя “звесткі, што ў Курапатах
ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду, правяраліся і не пацвердзіліся”.
Лічбы таксама не указваюцца. Тады хто тут расстраляны? Аб гэтым
у дзевятым томе “Беларускай энцыклапедыі”, які ўбачыў свет у 1999
годзе, гаворыцца: “Паводле адной версіі, тут да вайны супрацоўнікі
НКУС расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле іншых
— у Курапатах ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду...” Навошта заблытваць
людзей?..
Рыгор Барадулін: “Цэнзура не прапускала нават паэму пра звяроў...”
— Маю паэму “Смаргонская акадэмія” не друкавалі 10 год, — успамінае
дзядзька Рыгор. — Хоць там і пра звяроў, але знайшлі нешта крамольнае...
Савецкая цэнзура была вельмі пільнай, і дапамагалі ёй свае ж браты-пісьменнікі.
Добраахвотна. На грамадскіх пачатках, так бы мовіць. Ішла, як у
песні пяецца, вайна пасярод г..на.
З барадулінскай паэмы “Блакада” ў сваё час цэнзура выкрасліла даволі
бяскрыўдныя сёння радкі:
Не грэюць паддзёўкі паношаныя,
Сагрэюць курорты паўночныя.
З асцярогаю партызан колішні
Пазірае на малінавыя аколышкі.
— Нельга было без нагоды пісаць пра яўрэяў, — успамінае Барадулін.
— Адзін мой зборнік вершаў чытаў глаўлітчык. У вершы ўпамінаўся
мой сябра і зямляк Якаў Абрамавіч Сэрпер. Цэнзар запытальна паглядае.
Супакойваю, маўляў, два інстытуты скончыў, загадчык аптэкі і ехаць
не збіраецца, і напамінаю анекдот, як яўрэйскую праблему вырашылі
ў адным афрыканскім племені — апошняга з’елі
Глеб Лабадзенка, “КП у Беларусі”
|