Хутка будуць вынікі конкурсу!
Штогод мы праводзім міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс
сярод школьнікаў 12-14-гадовага ўзросту. У гэтым годзе конкурс пад
назвай “Радзіма вялікая і малая” быў абвешчаны яшчэ ў студзені.
Галоўнымі патрабаваннямі былі: адпаведны ўзрост маленькіх творцаў
і фантазія ў літаратурным ці мастацкім увасабленні легенд, міфаў,
паданняў пра свае мястэчкі ці ў апісанні выбітных асоб ды гістарычных
падзей.
У адрас МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” кожны дзень прыходзілі лісты з
дзіцячымі працамі. Часам настаўнікі прывозілі падборкі лепшых твораў
сваіх вучняў. І іх было шмат! Мы атрымалі працы з усіх абласцей
Беларусі і нават дзве працы (малюнак-гуаш і нарыс) з Цвярской вобласці
Расіі. Вельмі прыемна, што ўдзельнікі папярэдніх нашых конкурсаў
пры магчымасці зноў бяруць у іх удзел, а некаторыя навучальныя ўстановы
ўзялі на прыкмету конкурс і падтрымліваюць сваіх вучняў у творчасці.
Прыём прац скончыўся 20 красавіка. Даслана 135 цудоўных літаратурных
твораў (сачыненні і вершы), а таксама 165 малюнкаў. Зараз ідзе праца
экспертнай камісіі па вызначэнні пераможцаў. Камісію па выяўленчых
працах узначальвае вядомы мастак, кіраўнік “Бацькаўшчыны” Аляксей
Марачкін. У камісіі па літаратурных творах працуюць: Ірына Шаўлякова,
Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Лідзія Савік, Анатоль Івашчанка,
Вольга Іпатава.
У канцы траўня будуць абвешчаны вынікі конкурсу. Усе пераможцы
будуць узнагароджаныя. Жадаем ім поспехаў!
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Кантактны тэлефон у Мінску:
(017) 289 31 94
E-mail: zbsb@lingvo.minsk.by
press-zbsb@telegraf.by
|