ААН без Беларусі
9 траўня падчас пасяджэнняў Генеральнай асамблеі ААН абрана 47
чальцоў рады па правах чалавека. Беларусь не ўвайшла ў новую Раду
ААН.
У сакавіку 2006 года было прынятае рашэнне аб замене Камісіі па
правах чалавека радай. Камісію доўгі час крытыкавалі за тое, што
ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі краін, дзе парушаюцца правы чалавека,
у прыватнасці Беларусь, Кітай, Зімбабвэ і Судан.
У раду ААН увайшло 47 чальцоў замест 53. Яны былі абраныя агульным
галасаваннем на трохгадовы тэрмін. Калі камісія была органам Эканамічнай
і сацыяльнай рады ААН, то рада стане дапаможным органам Генасамблеі.
На 47 месцаў прэтэндавала 65 дзяржаў. З краін былога Савецкага
Саюза ў раду ўвайшлі Азербайджан, Расія і Ўкраіна. Арменіі і Грузіі
не атрымалася набраць неабходную колькасць галасоў.
Беларусь і ЗША не выносілі свае кандыдатуры на галасаванне. Варта
адзначыць, што яны ўваходзілі ў лік краін — чальцоў камісіі.
У новым органе ААН прадстаўленыя ўсе рэгіёны свету. Як паведамляе
інфармацыйнае агенцтва РЫА “Навіны”, Азію прадстаўляюць Індыя, Інданезія,
Кітай, Пакістан, Саўдаўская Аравія і Японія, Афрыку — Алжыр, Нігерыя
і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Лацінскую Амерыку — Бразілія,
Аргентына, Мексіка і Куба, Заходнюю Еўропу — Нямеччына, Францыя,
Вялікабрытанія, Швейцарыя і Фінляндыя і, нарэшце, Усходнюю Еўропу
— Польшча, Чэхія, Румынія і Вугоршчына.
У групе заходніх краін Нямеччына набрала найбольшы лік галасоў
— 157 з 191 галасы (гэтая колькасць дэлегацый дзяржаў — чальцоў
Генеральнай асамблеі ААН). На другім месцы апынулася Францыя.
19 чэрвеня ў Жэневе адбудзецца першае паседжанне Рады ААН па правах
чалавека.
naviny.by
|