Дапамога выгнаным студэнтам

Польская прапанова

Беларускія студэнты, якія былі выключаны са сваіх навучальных установаў па палітычных прычынах, могуць складаць свае заяўкі на стыпендыю ў Польшчы.

Стыпендыі разлічаны на трыста беларускіх студэнтаў. Каардынацыяй гэтай праграмы займаецца бюро пры Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Менавіта туды ўсе жадаючыя атрымаць стыпендыю павінны накіроўваць свае заяўкі. Плануецца, што выбраныя студэнты прыедуць у Польшчу ў ліпені для вывучэння польскай мовы перад тым, як распачаць сваё навучанне ў гэтай краіне.

www.rzeczpospolita.pl

Нямецкія універсітэты

Кіраўніцтва 260 нямецкіх універсітэтаў і вышэйшых школ абуранае рэпрэсіямі ў дачыненні да студэнтаў у Беларусі. У прынятай заяве канферэнцыі рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны гаворыцца пра неабмежаваную гатоўнасць нямецкіх вучэбных устаноў кааперавацца з усімі партнёрамі ў Беларусі, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве.

Нямецкія рэктары таксама разглядзелі пытанне адносна пошуку месцаў для навучэння гэтых студэнтаў у Нямеччыне. Было выказанае меркаванне адносна стварэння гэтак званай еўрапейскай універсітэцкай прасторы – сістэмы незалежных і аўтаномных вышэйшых школ, якія былі б зацікаўленыя ў абмене і кааперацыі са студэнтамі краінаў, якія не належаць да Еўрапейскага Саюзу.

Як вынікае з заявы нямецкіх рэктараў, Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, апошнім часам, усё больш ізалюецца ад еўрапейскай супольнасці, а беларускія ўніверсітэты становяцца палітычным інструментам у руках недэмакратычнага дзяржаўнага кіраўніцтва.

“Канферэнцыя рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны заяўляе пра сваю салідарнасць з тымі студэнтамі, супрацоўнікамі беларускіх універсітэтаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у справе развіцця свабоды слова, даследаванняў і адукацыі ў мэтах адкрытай, еўрапейскай Беларусі”, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Кіраўніцтва ўніверсітэту Віядрына ў Франкфурце на Одэры, які ў свой час даў прытулак студэнтам зачыненага ў Мінску Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту дае высокую ацэнку здольнасцям беларускай моладзі. Паводле рэктара Віядрыны прафесара Гезынэ Шван, “беларускія студэнты вельмі інтэлектуальныя, здольныя. Можна толькі радавацца такой моладзі і адначасна сумаваць, што гэтыя маладыя людзі ня могуць выкарыстаць свайго духоўнага патэнцыялу ў сябе дома, што было б вельмі добра для гэтай краіны”.

Паводле by.milinkevich.org
‹‹ на галоўную | у архіў