За Сусветны дзень волі прэсы
3 траўня ў Мінску, у пасольстве Латвіі, адбыўся святочны сход,
прысвечаны Сусветнаму дню волі прэсы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел
журналісты беларускіх незалежных СМІ, амбасадары і дыпламаты шэрагу
дзяржаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацый.
Кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Джыхан Султанаглу распавяла
аб гісторыі заснавання свята вольнай прэсы і тым значэнні, якое
ААН надае праблеме абароны правоў чалавека на атрыманне праўдзівай
інфармацыі. “Арганізацыя Аб’яднаных Нацый лічыць незалежныя СМІ
неад’емным элементам дэмакратычнага грамадства”, — падкрэсліла Д.Султанаглу.
Па прапанове амбасадара ЗША Джорджа Крола прысутныя ўшанавалі хвілінай
маўчання памяць журналістаў, што загінулі ў барацьбе за дэмакратыю
і волю ў розных краінах.
Па словах кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанны
Ліцвіной, Сусветны дзень волі прэсы выклікае ў яе дваістыя пачуцці.
З аднаго боку, гэта “свята ўсіх журналістаў, якія верныя сваёй прафесіі”,
з іншага — лішняя падстава ўзгадаць аб надзённых праблемах нашых
журналістаў.
Ж.Ліцвіна нагадала аб вядомых фактах рэпрэсій супраць прадстаўнікоў
СМІ ў Беларусі, зачыненні газет, адмове незалежным выданням у доступе
да манапалізаванай дзяржавай сістэме распаўсюджвання. Кіраўнік БАЖ
са шкадаваннем адзначыла, што ў розных спісах Беларусь суседнічае
з краінамі, дзе сітуацыя са свабодай слова найбольш неспрыяльная.
Тым не менш Ж.Ліцвіна ўпэўнена, што наступіць дзень, калі Сусветны
дзень волі прэсы “будзе шырока і адчынена адзначацца ў вольнай Беларусі”.
Гэту думку падтрымала і “гаспадыня” мерапрыемства, пасол Латвіі
Майра Мару, якая прапанавала лічыць збор у сценах сваёй амбасады
“авансам” будучых урачыстасцяў з нагоды Сусветнага дня волі прэсы.
БелаПАН
|