“Аазіс” Юрыя Хашчывацкага ў Берліне
Стужкай “Аазіс” вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста Юрыя
Хашчывацкага берлінскі кінатэатр “Арсенал” завяршыў паказ фільмаў,
прысвечаных 20-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Беларусі
творчасць Юрыя Хашчывацкага знаходзіцца пад тайнай забаронай. Затое
нямецкі глядач добра знаёмы з працамі беларускага рэжысёра: яго
фільмы неаднаразова прымалі ўдзел у Берлінскім кінафестывалі.
Еўрапейская акадэмія “Усход-Захад” уключыла фільм “Аазіс” у праграму
кінапаказу, прысвечанага катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, не выпадкова:
“Хашчывацкі і Алексіевіч – самыя яркія галасы па гэтай тэме. Яны
перадалі нам такія ўнікальныя думкі і адчуванні, якія ніхто іншы
не змог перадаць”, — ацаніла ў інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” фільм “Аазіс”
Юрыя Хашчывацкага Карола Дюр, старшыня Еўрапейскай Акадэміі “Усход-Захад”.
“Аазіс” Хашчывацкі зняў праз 10 гадоў пасля выбуху. Калі падавалася,
што аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС ужо ўсё сказанае.
“Я знайшоў там новы пункт погляду, новы пункт, на які варта звярнуць
увагу. Гэта ясна з назвы – “Аазіс”. Зона – адно з самых страшных
месцаў на зямлі, і, тым не менш, туды бягуць людзі, ратуюцца ад
знешняга свету. І ў гэтым парадокс. Аказваецца, у свеце настолькі
страшна, што ў зоне ратуюцца! Ратуюцца там, дзе жыць нельга!”, —
распавядае рэжысёр.
У вёсках, якія лічацца неіснуючымі, пасяліліся ўцекачы з “гарачых
кропак” — Арменіі, Чачні, Таджыкістана. У свае хаты вяртаюцца і
старыкі, якія не змаглі жыць ў “чыстых” раёнах. І жывуць, нягледзячы
на радыяцыю, адсутнасць выгод, святла і крам.
“Па дачыненні да Чарнобыля існуе па ТV дзве праграмы: адна жудасна
палохае ўсіх, паказвае вырадкаў, а іншая супакойвае – ўсё ў парадку.
Абедзве ўзаемавыключальныя пазіцыі прыводзяць да аднаго выніку:
людзі перасталі адчуваць небяспеку. Яны проста аб гэтым не думаюць”,
— гаворыць Хашчывацкі.
Фільму “Аазіс” быў прысуджаны Гран-пры фестывалю дакументальных
фільмаў СНД, ён быў намінантам прэстыжных міжнародных фестываляў.
Яго шматкроць паказвалі па каналах расійскага тэлебачання. На беларускі
тэлеэкран “Аазіс” патрапіў адзін раз (выпадкова, па недаглядзе ўладаў).
А пасля скандальнай стужкі “Звычайны прэзідэнт” Юрый Хашчывацкі
стаў персонай нон-грата на тэлебачанні.
І ўсё ж, рэжысёр працягвае жыць і працаваць у Беларусі. Праўда,
з замежнымі прадзюсерамі.
“У Польшчы ёсць прадзюсер, з якім я працую. У Маскве, Нямеччыне.
Працую ў асноўным на еўрапейскія каналы. І я вельмі задаволены працай
з імі. Няма ідэалагічнага прэса... Гэта значыць, ёсць магчымасць
працаваць усюды – акрамя Беларусі”, — гаворыць рэжысёр.
Чарнобыльскую тэму Юрый Хашчывацкі не лічыць скончанай. Зараз ён
піша сцэнар новага фільма. Па аповедах беларускага фізіка-ядзершчыка,
доктара навук, які прыбіраў радыеактыўнае смецце на страсе аварыйнага
блока. Фільм будзе звацца “Ліквідатары”.
http://www.charter97.org
|