Адамкус, Саакашвілі і Юшчанка абмяркуюць з Чэйні Лукашэнку
4 і 5 траўня ў Вільнюсе пройдуць саміт лідэраў краін Балтыйска-Чарнаморскага
рэгіёна, а таксама форум Садружнасці дэмакратычнага выбару (СДВ),
арганізаванага ў пачатку снежня мінулага года і названага аналітыкамі
альтэрнатыўным СНД. У СДВ уваходзяць 9 краін: Украіна, Малдова,
Літва, Латвія, Эстонія і Грузія (з былога СССР), плюс Румынія, Македонія,
Славенія (з былога сацлагеру).
Акрамя лідэраў гэтых краін, у Вільнюс з’язджаюцца кіраўнікі Балгарыі
і Азербайджана, прадстаўнікі НАТА, ЕС і ЗША, у прыватнасці віцэ-прэзідэнт
ЗША Дзік Чэйні.
Размова на саміце лідэраў краін Садружнасці дэмакратычнага выбару
пойдзе аб эканамічных і палітычных працэсах у рэгіёне. Напэўна вызначаная
ўвага будзе нададзена і праблеме дэмакратызацыі Беларусі, якая геаграфічна
магла бы быць у СДВ.
Краіны, што ўтварылі ў канцы 2005 года гэтую структуру, абвясцілі
тады аб намеры цесна супрацоўнічаць “для дасягнення трывалага міру,
дэмакратыі і росквіту на еўрапейскім кантыненце”.
“Мы шчыра спадзяемся, што перспектыўная місія Садружнасці дэмакратычнага
выбару будзе служыць аб’яднанню ўсіх краін рэгіёна ў іх сумесных
намаганнях па ўмацаванню нашага рэгіянальнага супрацоўніцтва, спрыяць
дэмакратыі і абароне правоў чалавека”, — гаварылася ў дэкларацыі
аб стварэнні Садружнасці дэмакратычнага выбару.
Паміж тым сваё меркаванне аб СДВ адразу пасля яго арганізацыі выказаў
прэзідэнт Беларусі. І даволі крытычнае. Па меркаванню Аляксандра
Лукашэнкі, у Садружнасці дэмакратычнага выбару няма будучыні.
“Вылучылі так званую дэмакратыю — ідзіце гэтым шляхам. Навошта
выступаць супраць Усходу і ісці на Захад? Па-першае, на Захадзе
яны нікому не патрэбныя. ЕС трэба “перажываць”, “пераварыць” усходне-еўрапейскія
дзяржавы, якія нядаўна далучыліся. Па-другое, з чым яны ідуць на
Захад? Што яны прынясуць? Злачыннасць, разбой, бандытызм? Пакажуць,
як трэба захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам? Еўропа гэтага
не жадае. Калі нейкія еўрапейскія лідэры і падтрымаюць такія справы,
то толькі ў іншых дзяржавах, а не ў сваіх”, — лічыць Лукашэнка.
http://www.naviny.by
|