У Віленскай мэрыі адкрылася выстава, прысвечаная Чарнобылю

У Віленскай мэрыі 24 сакавіка адкрылася выстава “Трагічная краса”, чарнобыльскіх фотаздымкаў Дзяніса Раманюка, і прэзентацыя яго фотаальбому “Чарнобыль”, які друкаваўся ў Вільні. Выстава і альбом – вынік шматлікіх падарожжаў мастака цягам некалькіх гадоў у раёны Чарнобыльскай зоны.

У ліку асноўных спонсараў фотавыставы Дзяніса Раманюка “Трагічная краса” і яго альбому “Чарнобыль” – Міністэрства замежных спраў Літвы, амбасады Літвы ў Беларусі і Беларусі ў Літве, а таксама амбасада Ірландыі ў Літве.

Дзяніс Раманюк кажа, што падтрымка альбому і выставы з боку літоўскага ўраду, выданне альбому ў літоўскай друкарні сведчаць пра тое, што чарнобыльскую бяду ў Літве разумеюць. Але, для шырокага свету, для шырокай грамадскасці “за 20 год гэтая тэма пахавана”. Кніга якраз зробленая дзеля таго, каб паказаць праз вобразы, параўнанні, асацыяцыі страх Чарнобылю, што Ён не імгненне, а з’ява, якая будзе ўплываць на жыццё стагоддзямі, якая ўжо змяніла цэлыя пласты культуры і чалавечага лёсу, а што будзе далей, ня ведае ніхто.

Выставу падтрымала і Віленская мэрыя. Віцэ-мэр Вільні Гедымінас Павіржыс сказаў падчас урачыстага адкрыцця: “Гэта выстава ў экспазіцыйнай зале нашай мэрыі, якую пабачылі і пабачаць шмат высокіх асоб, якая прыцягнула вялікую ўвагу з боку СМІ, – выстава нагадвае і папярэджвае нас сёння быць надзвычай адказнымі ў падыходзе да атамнай энергетыкі.”

На адкрыцці выставы выступаў амбасадар Ірландыі ў Літве, прадстаўнікі літоўскай амбасады з Мінску і беларускай – з Вільні. Яны гаварылі пра боль Чарнобыльскай трагедыі і сённяшнюю актуальнасць гэтай тэмы.

Амбасадар Ірландыі ў Літве Донал Дэнхэм сказаў, што “26 красавіка сёлета – 20-годзе найвялікшага злачынства супраць прыроды і чалавецтва... Людзі Ірландыі стварылі арганізацыі для дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобылю і дапамагаюць пацярпелым рознымі шляхамі з 1996 года”.

Дараднік амбасады Літвы ў Беларусі Марыус Януконіс дадаў: “Для нас насамрэч вялікі гонар, што Міністэрства замежных спраў Літвы далучылася да выдання альбому “Чарнобыль”. Думаю, гэта кніга – яшчэ адзін сродак для таго, каб міжнародная супольнасць адчула, што Чарнобыль – не толькі беларуская трагедыя”.

Дараднік па эканамічных пытаннях амбасады Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль сказаў: “Гэтая выстава найперш нагадвае пра гора і боль людзей. Я працаваў на будаўніцтве і ведаю, як людзі перасяляліся, якая гэта была трагедыя.”

Чарнобыльская выстава беларускага мастака ў Вільні будзе адкрыта тыдзень.

Прэзентацыя фотаальбому Дзяніса Раманюка “Чарнобыль” неўзабаве мае адбыцца ў прадстаўніцтве ААН у Нью-Ёрку.

Паводле радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў