Электронная бібліятэка "Бацькаўшчыны"
Шаноўныя сябры,
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" актывізуе працу па стварэнні
электроннай бібліятэкі, прысвечанай беларускай дыяспары. Плануецца,
што ў бібліятэку, размешчаную на сайце Згуртавання, увойдуць творы
і публікацыі, якія былі выдадзеныя як у Беларусі, так і па-за яе
межамі і датычыліся беларускай дыяспары, акрамя таго любога роду
літаратура, што выдавалася асобнымі дзеячамі беларускага замежжа
ці суполкамі.
Наша аб'яднанне цягам сваёй дзейнасці ўжо займалася стварэннем
бібліятэкі і архіву беларускай дыяспары. Але, на жаль, сённяшнія
ўмовы памяшкання не з'яўляюцца спрыяльнымі для таго, каб забяспечыць
публічны доступ да ўсіх кніг, прэсы і архіўных матэрыялаў.
Справа стварэння бібліятэкі ў электронным выглядзе з'яўляецца
надзвычай важнай і неабходнай не толькі для даследчыкаў і навукоўцаў,
але і для ўсіх беларусаў, якія пражываюць як на Радзіме, так і па-за
яе межамі. Пры гэтым маецца на мэце не толькі захаванне багатай
і разнастайнай інтэлектуальнай і мастацкай спадчыны, якая стваралася
і назапашвалася беларускай дыяспарай на працягу доўгага перыяду,
але і адкрыццё свабоднага, максімальна шырокага доступу да літаратурна-мастацкіх
і навуковых каштоўнасцяў, створаных нашымі суайчыннікамі за мяжой.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" звяртаецца да суполак беларускай
дыяспары, а таксама ўсіх, хто можа дапамагчы Згуртаванню ў гэтай
справе: 1) прадаставіць матэрыялы, якія маюць дачыненне да жыцця
і дзейнасці беларускай дыяспары, а менавіта: мастацкую, навукова-даследчую
літаратуру, газеты ды часопісы, асобныя публікацыі любога перыяду,
якія выдаваліся беларускімі суполкамі ды дзеячамі за мяжой; 2) даслаць
электронныя варыянты азначанай літаратуры . Пры неабходнасці, перададзеныя
для працы кнігі могуць быць вернуты ўладальніку.
Дасланая літаратура не толькі ўвойдзе ў электронную версію бібліятэкі,
але і папоўніць фонд фізічнай бібліятэкі і архіву, які фармуе МГА
"ЗБС "Бацькаўшчына".
Дзякуем за дапамогу і супрацоўніцтва!
Наш адрас:
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Рэспубліка Беларусь 220030 г.Мінск
вул. Рэвалюцыйная 15
тэл + 375 17 289 31 94
|