На радзіме Францішка Багушэвіча з'явіўся крыж ў гонар паэта
Ўсё было зроблена стараннямі суполкі Таварыства Беларускай Мовы Віленскага раёна ў Літве. У фальварку Свіраны (Віленскі раён) усталяваны металёвы крыж з надпісам па-беларуску на лацінцы “У гонар Францішка Багушэвіча”. Крыж — побач з хатай, на якой цяпер знаходзіцца памятная шыльда ў гонар бацькі беларускай паэзіі. На шыльдзе надпіс таксама на беларускай лацінцы, а над ёй умацаваны бел-чырвона-белы сцяг з выявай Хрыста.
Гэта тая самая шыльда ў гонар Багушэвіча, якая была ўрачыста ўмацаваная год таму, 6 красавіка, на хаце Філіповіч-Ранцавене ў фальварку Свіраны. Побач быў умацаваны бел-чырвона-белы сцяг. Праз некалькі месяцаў шыльда была знятая па распараджэнню мясцовых уладаў.
Тагачасны мэр Віленскага раёну, спн. Л.Янушаўскене, загадала зняць найперш сцяг. На ўсякі выпадак — бо сцяг не дзяржаўны. Шыльду паціху знялі, а сцяг запалоханая гаспадыня, спн. Марыя Філіповіч-Ранцавене, спаліла. Пра гэта сталася вядома дзякуючы здымачнай групе беларускай праграмы “Віленскі сшытак” на Літоўскім ТВ — яны выявілі знікненне і зрабілі дослед.
Цяпер, калі ТБМ усталявала крыж, — шыльду з новым сцягам ўмацавалі ізноў.
Шыльда ўжо на іншай хаце — насупраць той, дзе была раней. І гаспадыня гэтай хаты настроеная вельмі рашуча на абарону і крыжа, і шыльды, і бел-чырвона-белага сцяга — бо цяпер сцяг з выявай Хрыста. Гаспадыня заявіла, што будзе бараніць іх, бо гэта — “святое”. Тым болей, што ўсё гэта — на прыватнай зямлі, дзе мясцовыя ўлады ня маюць права распараджацца.
http://www.vilnia.com |