Дарагія Суродзічы беларусы свету!
Увесь свет глядзеў з абурэннем, як лукашэнкаўскія АМАПаўцы збівалі
24-га і 25-га Сакавіка нашых маладых герояў, якія прыйшлі на Кастрычніцкую
Плошчу без зброі, годна і мірна, каб абвесціць свету, што яны хочуць
жыць у вольнай краіне без страху і тэрору.
Здзекаваліся над імі ўзброеныя дзікія вырадкі, якія не шкадавалі
ні свайго народу, ні жанчын, ні дзяцей. Але загады даваў ім грамадзянін
Лукашэнка, які зноў сфальсіфікаваў выбары, каб застацца пры ўладзе
ды закончыць сваю злачынную задуму - аддаць суседу сваю бацькаўшчыну
пад прэтэкстам Саюзу.
Пры ўладзе ён ужо дванаццаць гадоў з волі Крамля і дзякуючы яго
падтрымцы. Тады, калі ўвесь свет асудзіў фальсіфікацыю выбараў,
расейскі прэзідэнт прыслаў узурпатару свае віншаванні. Тады, калі
ўвесь свет выказвае сваё абурэнне перад расправай з мірнымі дэманстрантамі,
Масква маўчыць.
Дарагія Суродзічы, калі б не падтрымка дыктатара Масквой, наш народ
ужо даўно быў бы вольным, а наш край - незалежнай ад нікога, прагрэсіўнай
дзяржавай. Людзі нашы не былі б змушаныя шукаць лепшага хлеба на
чужыне. Забыліся б дасюль пра здзекі 20-га веку і нарэшце зажылі
б шчасліва і спакойна, так як жывуць іншыя вольныя народы.
Дык абавязкам кожнага з нас ёсць прасіць урады краін у якіх мы
жывём, каб памаглі вызваліць наш край ад маскоўскага прыгнёту. Час,
каб расейскі прэзідэнт выбраў між добразычлівасцю свету і падтрымкай
дыктатуры ў нашай еўрапейскай бацькаўшчыне. Заклікаю ўсіх Вас выказаць
сваё абурэнне паводзінамі Расеі. Пасля ягонай, так званай, інаўгурацыі,
Лукашэнка гатовы давесці да канца распачаты працэс інтэграцыі Беларусі
ў Расею.
Мы не можам гэтага дапусціць. Трэба дамагчыся ад нашых заходніх
урадаў, каб змусілі Пуціна далучыцца да асуджэння крымінальных паводзінаў
сілавых структураў у Беларусі. Калі расейскі прэзідэнт адмовіцца
далучыцца да сваіх заходніх саюзнікаў, дык мусіць зразумець, што
страціць сваё месца між імі, менавіта ў васьмёрцы. Наш голас свет
пачуе.
Заклікаю ўсіх Вас яго выказаць як можаце. Пікеты перад расейскімі
амбасадамі звярнулі б увагу на ролю Расеі ў бядзе нашага народу.
2-га красавіка ёсць днём, калі трэба, каб свет нас пачуў.
Дык да працы, дарагія суродзічы! Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР
|