55 гадоў Беларускаму Кангрэсаваму Камітэту Амерыкі!

55 гадоў таму, у лютым 1951 г., быў заснаваны "Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амерыкі" (БККА). Побач з праваслаўным прыходам Св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, БІНІМам і БАЗА, БККА з'яўляецца адным са стаўпоў беларушчыны ў ЗША.

Нацыянальна свядомыя прадстаўнікі беларускай эміграцыі 1940-х былі падзеленыя паводле сваіх палітычных прыхільнасцяў - на прыхільнікаў Рады БНР (Мікола Абрамчык) і Беларускай Цэнтральнай Рады на чале з Радаславам Астроўскім. Праз нейкі час наспела неабходнасць стварэння грамадскай арганізацыі, якая-б непасрэдна займалася культурніцкімі праектамі, ладзіла спатканні беларусаў, літаратурныя вечарыны, друкавала кнігі. Сябры арганізацый, што з палітычных меркаванняў не падтрымалі БАЗА, пастанавілі склікаць Кангрэс беларусаў Амерыкі. Зварот да беларусаў быў падрыхтаваны ЗБАДК, Беларускім Цэнтральным Прадстаўніцтвам ды Згуртаваннем Беларускіх Жанчынаў і распаўсюджаны па беларускіх этнічных асяродках ад усходняга ўзбярэжжа да Каліфорніі. 1 лютага 1951 г. у Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі) сабраліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый.

Пазней пры БККА было заснаванае Беларускае Выдавецкае Таварыства (старшыня - Барыс Шчорс), галоўным праектам якога стала стварэнне ў 1960 г. часопісу "Беларуская Думка", што выдаецца і па сёння.

Алег Гардзіенка
‹‹ на галоўную | у архіў