Выстава беларускай графікі ў Познані
6 сакавіка ў Галерэі “Ventzi” адбылося адкрыццё выставы беларускай графікі, якое запачаткавала Дні Вольнай Беларусі, арганізаваныя Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам у Познані.
Выставу адкрыў запрошаны на мерапрыемства былы старшыня Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Станіслаў Шушкевіч. На адкрыцці прысутнічалі шматлікія госці, сябры беларускай арганізацыі, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў. Пасля прамовы гаспадароў галерэі, запрошаных гасцей прывітаў Віталь Воранаў і ўручыў заслужаным сябрам арганізацыі памяткі. Ён прэзентаваў таксама новы лагатып цэнтра, спраектаваны беларускім мастаком, які жыве ў Познані, Маркам Максімовічам. У прывітальным слове Станіслаў Шушкевіч выказаў надзею, што ўжо неўзабаве Беларусь стане сапраўды вольнай краінай. Пасля Станіслаў Шушкевіч перарэзаў 25-метровую, бел-чырвона-белую стужку салідарнасці, якую госці ў знак яднання з вольнай Беларуссю прышпілялі да адзежы.
7 сакавіка Станіслаў Шушкевіч меў шэраг сустрэч з высокапастаўленымі палітыкамі. Падчас дыскусіі на тэму будучыні Беларусі С. Шушкевіч спаткаўся з Маркам Зюлкоўскім — віцэ-маршалкам Сената, прэзідэнтам Познані, рэктарам Вышэйшай школы грамадскіх навук, а таксама з Альдонай Камэлай-Савінскай — былой міністр фінансаў Польшчы.
Паводле “Ніва” (niva.iig.pl) |