Спецыяльная дэлегацыя Еўрапарламенту зрабіла заяву наконт выбараў у Беларусі
19 сакавіка 2006 года Богдана Кліха, чалец Еўрапейскага Парламента, зрабіў заяву ад імя спецыяльнай дэлегацыі, якая вырашыла ажыццявіць свой мандат маніторынгу беларускіх выбараў па-за межамі Беларусі. На пачатку тыдня міністр замежных спраў Беларусі вырашыў адмовіць у выдачы візы для семярых дэлегатаў камісіі і праінфармаваў іх пра тое, што любая спроба ўехаць у Беларусь будзе разглядацца як правакацыя і будзе прыпынена непасрэдна на мяжы. "Гэта рашэнне беларускіх уладаў не прызнаецца афіцыйнай дэлегацыяй Еўрапарламенту і расцэньваецца як яшчэ адзін з прыкладаў узмацнення самаізаляцыі ад знешняга свету, -- пракаментаваў гэтае рашэнне Богдан Кліх. - Рэжым у Мінску знаходзіцца ў адчаі і нават не хавае свайго страху перад міжнароднымі сведкамі жорсткіх дзеянняў супраць апазіцыі і сваіх жа людзей. Такім чынам, мы ўжо сёння можам бачыць тое, што гэтыя выбары не адпавядаюць міжнародным стандартам." Больш таго, чальцы спецыяльнай камісіі асуджаюць новую хвалю арыштаў палітычнай апазіцыі, а таксама правілы і працэдуру выбарчай кампаніі ў Беларусі. "Мяркуем, што гэта новы крок Беларусі ў бок ўзмацнення аўтарытарызму, спроба паралізаваць дзеянні незалежных і дэмакратычных кандыдатаў, - заявіў Б.Кліх. - Наша задача мабілізаваць міжнародную публічную думку для хуткага рэагавання і выказвання свайго асуджэння на сілавыя дзеянні супраць грамадзян і мірнай дэмакратычнай апазіцыі." Спецыяльная дэлегацыя Еўрапарламенту будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі з Бруселя, падтрымліваючы цесны кантакт з беларускай апазіцыяй, з місіяй незалежных назіральнікаў ад АБСЕ і міжнароднымі СМІ. На наступным паседжанні спецыяльная дэлегацыя зробіць заяву, у якой будуць ацэнены вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Інфармацыйны аддзел МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" |