Аляксандр Казулін збіты і затрыманы
Сёння, у 9.30 раніцы Аляксандр Казулін з групай сваіх прыхільнікаў накіроўваўся да Палаца Чыгуначнікаў, дзе рэгістравалі ўдзельнікаў Усебеларускага Сходу. Казулін прад’явіў рэгіструючым органам пратаколы з’езда Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), на якім ён і яго саратнікі былі вылучаны дэлегатамі на трэці Усебеларускі народны сход. Аднак невядомыя людзі ў штацкім не далі прайсці А. Казуліну ў зал, дзе збіраліся дэлегаты. Пасля невялікай патасоўкі кандыдата выціснулі, пасадзілі ў мікрааўтобус і ўвезлі.
Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце Казуліна kozylin.com, збітага кандыдата ў прэзідэнты даставілі ў Кастрычніцкі РУУС г. Мінска. Сведкі сцвярджаюць, што людзі ў штацкім, якімі камандаваў палкоўнік Паўлючэнка, кінулі Казуліна на падлогу і білі нагамі па твары і галаве. Цялесныя пашкоджанні нанесены таксама генералу Фралову і Мечыславу Грыбу. Журналістаў, якія прысутнічалі пры гэтым, разагналі.
У раённым упраўленні ўнутраных спраў журналісту БелаПАН пацвердзілі, што А. Казулін у гэты час знаходзіцца ў іх, аднак што яму інкрымінуюць — не паведамілі.
З паведамленняў на сайце расійскага тэлеканала “НТВ”:
Па дадзеным “ИТАР-ТАСС”, у патасоўцы кандыдат на пасадку прэзідэнта быў збіты супрацоўнікамі спецпадраздзялення СОБР. “Казулін мяне зняважыў, і я з ім паразмаўляў “па-мужчынску”, — распавёў непасрэдны ўдзельнік інцыдэнту кіраўнік брыгады спецыяльнага прызначэння Дзмітрый Паўлючэнка.
У Цэнтрвыбаркаме Беларусі далі наступнае тлумачэнне: “Казулін не мае імунітэту, не гледзячы на тое, што зарэгістраваны як кандыдат у прэзідэнты, і павінен прытрымлівацца нашага заканадаўства”. Аказалася, што Казулін не мае правоў прысутнічаць на з’ездзе, таму што не прайшоў прадугледжанага парадку афіцыйнага вылучэння.
Каля будынку Кастрычніцкага РУУС, адразу пасля затрымання, сабралася група прыхільнікаў Казуліна, яго адвакаты, але іх не прапусцілі ў будынак. У 12.30 усіх, хто сабраўся каля Кастрычніцкага РУУС затрымалі.
Прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле http://kozylin.com,
http://www.belaruspartisan.org,
http://news.ntv.ru
БелАПАН |