Прысвячэнне Максіму Гарэцкаму. Навіны з Літвы.

25 лютага ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылося мерапрыемства, прысвечанае жыццю і творчасці аднаго з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы, Максіма Гарэцкага, лёс якога звязаны з Вільняй. Тут ён лячыўся ў шпіталі пасля ранення ў першую сусветную вайну, тут ён жыў з 1919 па 1923 гады, у Вільні пазнаёміўся і пабраўся з настаўніцай першай віленскай беларускай гімназіі Неанілай Чарняўскай, у гімназіі выкладаў пазней беларускую літаратуру і Максім Гарэцкі, ён першым заўважыў талент Наталлі Арсенневай і стаў хросным бацькам яе паэзіі. Тут нарадзіліся яго дзеці Леанід і Галіна. У Вільні ў газеце "Наша Ніва" былі надрукаваны першыя спробы пяра М.Гарэцкага "У лазні" і іншыя, "Нашу Ніву" ён чытаў і хаваў пад падушкай у час лячэння. У Вільні выйшаў яго першы зборнік апавяданняў "Рунь", напісаў даследаванне "Гісторыя беларускае літаратуры", якое на той час мела вялікае значэнне. У Вільні напісана шмат лепшых твораў. Эпапея "Віленскія камунары" перакладзена на літоўскую мову.

У 1923 годзе пісьменнік змушаны быў пакінуць Вільню і пераехаць у Мінск, Быў пераслед з боку палякаў, як да беларускага нацыяналіста. У Вільні М.Гарэцкі актыўна займаўся асветніцкай, выдавецкай дзейнасцю. Шмат пісаў, настаўнічаў. Ён ведаў што яго чакае ў Беларусі, бальшавікі не маглі яму дараваць такіх апавяданняў, як "Дзве душы","Апостал", хоць яны і былі падпісаны псеўданімам. Пісьменнік хацеў быць разам з народам, сярод сваіх чытачоў, гатовы быў разам перажываць пакуты, таму і ахвяраваў сваё жыццё на алтар Бацькаўшчыны. Мужнасць Максіма Гарэцкага ўражвае, а жыццё з’яўляецца прыкладам для моладзі. Так атрымалася, што ў лютым пісьменнік нарадзіўся, у лютым быў расстраляны органамі НКУС.

У лютым споўнілася сто год з дня нараджэння Паўла Карузы, беларускага кампазітара, жыццё якога таксама звязана з Вільняй. Намаганнямі ТБК яму пастаўлены помнік на еўфрасінняўскіх могілках.

Далей праграму прадоўжыў журналіст радыё "Палонія" Андрусь Старавойтаў, ён аналізаваў дзейнасць гэтай радыёстанцыі з дня яе заснавання, яе значэнне для беларускай грамадскасці, а віленчукі яе заўсёды слухаюць. Потым выступіў палітолаг Алесь Палескі, ён зрабіў даклад пра палітычнае становішча ў Беларусі, характарызаваў дзейнасць кандыдатаў ў прэзідэнты. Да апошняга выступоўцы было шмат пытанняў. Напрыканцы прысутныя паглядзелі відэафільм пра святкаванне 10-годдзя ТБК, па-мастацку зняты актывістам ТБК. Здаецца гэта было зусім нядаўна, а як шмат змянілася, у тым ліку і ў таварыстве: змяніўся склад рады, стаў больш інтэлектуальным, яшчэ больш актывізавалася праца, прыходзіць больш моладзі, далучыліся студэнты ЕГУ, не гледзячы на межы даволі часта бываюць цікавыя асобы з Беларусі, заўсёды ёсць свежая прэса ў чытальні. Вёў імпрэзу старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён гэтым разам падзяліўся ўражаннямі ад канферэнцыі па Чачні, у працы якой прымаў удзел напярэдадні нашай імпрэзы.

Леакадзія Мілаш, Вільня
‹‹ на галоўную | у архіў