Што ведае пра кандыдатаў маса?
Чым бліжэйшая дата выбараў у Беларусі, тым актыўнейшая барацьба за розум і сэрцы выбаршчыкаў. І хаця, зразумела, асноўная ўвага надаецца агітацыі, якая тычыцца ўнутраных праблем, не забыты і знешні рэсурс. Удзельнікі гонкі спрабуюць выкарыстаць усе свае магчымасці, каб атрымаць замежную падтрымку і прадэманстраваць яе электарату.
Канешне, магчымасці кандыдатаў абсалютна нельга супастаўляць. Практычна нічым у гэтым плане не можа пахваліцца Сяргей Гайдукевіч. Да гэтага часу ні адна замежная арганізацыя, ні адзін больш-менш прыкметны палітычны дзеяч не выказалі да яго свайго пазітыўнага стаўлення, і вельмі малая верагоднасць, што такое адбудзецца ў далейшым. Гэта не дзіўна, паколькі невыразная сама фігура.
Не нашмат больш увагі атрымаў пакуль і Аляксандр Казулін. Адзінае, што можна прыгадаць, — гэта кампліменты ў яго адрас з вуснаў калегі па сацыял-дэмакратычным руху, прэм’ер-міністра Літвы Альгірдаса Бразаўскаса (за што, дарэчы, той быў жорстка раскрытыкаваны ў сваёй краіне).
Чакаць прыкметнага паляпшэння сітуацыі ў выпадку з Казуліным таксама не даводзіцца. Сацыял-дэмакраты ў іншых еўрапейскіх краінах, як уяўляецца, памятаюць пра яго ролю ў не надта прыгожай гісторыі з расколам партыі “Народная грамада” Мікалая Статкевіча.
На гэтым фоне асабліва моцна выглядае палітычная дапамога з боку Захаду адзінаму кандыдату ад дэмакратычных сіл Аляксандру Мілінкевічу. Яго сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу дзяржаў і кіраўніцтвам Еўрапейскага Саюза ўстанавілі, здаецца, максімальна высокую планку міжнароднай салідарнасці з беларускай апазіцыяй.
Знешнепалітычныя рэсурсы дзейнай улады засяроджаныя амаль выключна на Усходзе. Узровень, з якога адтуль даносяцца дыфірамбы беларускаму лідэру і створанай ім сістэме, дастаткова значны, хаця, канешне, не супастаўны з узроўнем сустрэч галоўнага апазіцыйнага прэтэндэнта.
Так, нядаўна Мінск наведаў былы спікер Дзяржаўнай думы Генадзь Селязнёў. Паводле яго слоў, “асноўныя палітычныя сілы Расіі зацікаўлены ў тым, каб прэзідэнтам Беларусі заставаўся Аляксандр Лукашэнка”. Акрамя таго, як заявіў, са свайго боку, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента Уладзімір Канаплёў, іншыя думскія дэпутаты таксама маюць намер напярэдадні выбараў прыехаць у Беларусь, каб “выступіць перад працоўнымі калектывамі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі”.
Нядаўна сюды наведаўся і вядомы расійскі паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі, які без залішняй сціпласці заўважыў: “Дапамагчы альтэрнатыўным кандыдатам не здолею нават я”. Прагучала некалькі анекдатычна, бо ўсе памятаюць правал гэтага спецыяліста падчас “аранжавай рэвалюцыі” ва Украіне, дзе ён PR-ыў саперніка Юшчанка.
Беларускія дзяржаўныя СМІ старанна тыражуюць любыя, нават мімаходзь кінутыя выказванні расійскіх дзеячаў у падтрымку цяперашняй беларускай улады. Напрыклад, шматразовым рэхам паўтарылі фразу Мікалая Бардзюжы, генеральнага сакратара Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: у Беларусі няма перадумоў для якіх бы там ні было рэвалюцый.
Электарат таксама шырока праінфармавалі аб тым, што ў Мюнхене, на буйной канферэнцыі па бяспецы, міністр абароны Расіі Сяргей Іваноў назваў Аляксандра Лукашэнку самым папулярным палітыкам у краіне і выказаў перакананне ў яго перамозе. Пры гэтым прапагандыстаў не збянтэжыла фраза Іванова: “Мы не дазволім хваляванняў”. Што, наогул кажучы, вельмі нагадвае ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы.
Але калі галасы ў падтрымку Лукашэнкі гучаць толькі з Масквы, атрымліваецца занадта ўжо аднабока.
Каб выправіць перакос, тутэйшае тэлебачанне зрабіла цыкл перадач пад назвай “Беларусь. Погляд звонку”. У іх слова даецца адшуканым на Захадзе, як правіла, малавядомым асобам, якія хваляць тутэйшыя дасягненні і кляймуюць “ворагаў беларускага народа”.
Выглядае ўсе гэта надзвычай аднастайна і ўбога, аднак можна меркаваць, што ва ўмовах інфармацыйнага вакууму і такая прапаганда дае пэўны плён.
Паколькі пра еўрапейскі трыумф Мілінкевіча маса амаль не ведае, адбываецца свайго роду інверсія, гэта значыць у насельніцтва ствараецца цалкам няправільнае ўражанне аб сітуацыі са знешняй падтрымкай кандыдатаў.
Гэта яшчэ раз даказвае, што ў інтарэсах дэмакратычных сіл — найхутчэйшы прарыў інфармацыйнай блакады.
Андрэй ФЁДАРАЎ, палітолаг
http://elections.belapan.com
2006 22 лют.
|