За навучанне будзем плаціць двойчы
28 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ пра некаторыя адметнасці платнага навучання ў дзяржаўных навучальных установах вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Паводле прэсавай службы прэзідэнта, дакумент усталёўвае адзіны падыход у пытанні платнага навучання ў дзяржаўных установах вышэйшай і сярэдняй адукацыі.
Максімальны ўзровень рэнтабельнасці пры фармаванні кошту навучання не павінен перавышаць 30 %. Ва ўказе таксама гаворыцца, што грошы студэнтаў мусяць выдаткоўвацца, у прыватнасці, на такія мэты як аплата працы выкладчыкаў і гаспадарчыя патрэбы.
На думку незалежных экспертаў, дакумент скіраваны на ўмацаванне цяперашняга дзяржаўнага курсу ў сферы адукацыі. Між тым, платнага навучання ў дзяржаўных установах не павінна быць, лічыць, напрыклад, дырэктар ліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас: “На маю думку, гэта абсалютна ненармальна. Ва ўсім свеце ёсць бюджэтныя навучальныя ўстановы, а ёсць прыватныя і гэта ўсё падзелена, празрыста ды ясна. Бюджэтныя ж навучальныя ўстановы, якія падрабляюць прыватнымі паслугамі, гэта наша савецкае ноў-хаў, і гэта прыкмета недастатковай цывілізаванасці. У нашых умовах казаць пра грамадскую думку і пра вырашэнне гэтых пытанняў грамадзянамі не выпадае. Таму гэта цалкам свавольства ўладаў”.
Думку спадара Коласа падзяляе і былы прарэктар Белдзяржуніверсітэта Анатоль Паўлаў: “Платная адукацыя ў дзяржаўных установах азначае, што насельніцтва плаціць двойчы за адукацыю. Спачатку яны адлічылі падаткі, каб утрымліваць так званую бясплатную адукацыю. А потым калі дзіця не паступіла, кажуць, што ты яшчэ раз заплаці. Калі б кіраўніцтва клапацілася насамрэч пра моладзь, дык выдзяляла б з бюджэту дадатковыя асігнаванні”.
Радыё “Свабода”
2006 28 лют.
|