Сустрэча Джорджа Буша са Святланай Завадскай і Ірынай Красоўскай
У Вашынгтоне, у Белым Доме, адбылася сустрэча прэзідэнта ЗША Джорджа Буша са Святланай Завадскай і Ірынай Красоўскай. “Прэзідэнт імкнецца падкрэсліць сваю асабістую падтрымку іх высілкам дамагчыся правасуддзя ў справах зніклых, гэтак сама, як і высілкам усіх тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь,” — заявіў па выніках сустрэчы прэсавы сакратар прэзідэнта ЗША Скот Маклэлан. “Усім дэмакратычным сілам Беларусі гэта надае сілы, мужнасць і веру ў тое, што мы пераможам”, — сказала на прэс-канферэнцыі, якая адбылася адразу пасля сустрэчы, Святлана Завадская.
Сустрэча працягвалася больш запланаванага часу і мела даволі нефармальны характар. Прэзідэнт Буш цікавіўся тым, якая сітуацыя цяпер склалася ў Беларусі, задаваў пытанні, як адчуваюць сябе жанчыны, што страцілі мужоў, пытаўся пра палітычныя рэпрэсіі і прэзідэнцкія выбары.
Ірына і Святлана адзначылі, што гэта была адна з самых яркіх сустрэч у іхным жыцці. Яны пабачылі авальны офіс – працоўны кабінет прэзідэнта ЗША. Жанчыны заявілі, што гэтая сустрэча азначае вялікую падтрымку ня толькі для іх асабіста, але для ўсіх дэмакратычных актывістаў Беларусі.
На выхадзе, пасля сустрэчы з Бушам, Святлану і Ірыну чакалі больш як дзесятак журналістаў. Сярод іншых прысутнічалі прадстаўнікі “Эн-Бі-Сі”, “Сі-Эн-Эн”, “Радыё Свабода”, “Голасу Амерыкі” ды іншых амерыканскіх і міжнародных СМІ. Яны задавалі пытанні пра сітуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, пра тое, якой дапамогі чакаюць дэмакратычныя актывісты ў Беларусі з боку міжнароднай супольнасці.
Ірына са Святланай падкрэслілі, што любая міжнародная падтрымка з’яўляецца цяпер вельмі важнай для Беларусі, а асабліва падтрымка на такім высокім узроўні і ад амерыканскага прэзідэнта.
Пасля сустрэчы Джорджа Буша са Святланай Завадскай і Ірынай Красоўскай прэсавы сакратар прэзідэнта ЗША Скот Маклэлан заявіў, што “прэзідэнт імкнецца падкрэсліць сваю асабістую падтрымку іх высілкам дамагчыся правасуддзя ў справах зніклых, гэтак сама, як і высілкам усіх тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь. Мы працягваем быць разам з грамадзянамі Беларусі ў іх жаданні самім вызначаць іх уласную будучыню,” – сказаў прэсавы сакратар прэзідэнта ЗША Скотт Маклэлан. — “Сустрэча была прызначаная падкрэсліць нашу занепакоенасць тым, як беларускі ўрад праводзіць выбары, пераследам грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, адмовай сур’ёзна даследаваць справы зніклых грамадскіх дзеячаў,” – заявіў прэсавы сакратар Джорджа Буша.
2006 27 лют.
Радыё “Свабода”

|