Яшчэ адзін “дзень сурка” — трэці кожнага месяца.
21 лютага пад патранажам ЮНЕСКА адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Старшыня аб’яднання “Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў запрасіў усіх грамадзян Беларусі ў гэты дзень вярнуцца да нацыянальных вытокаў, прыпомніць сваю родную мову і карыстацца ёй штодзённа, не гледзячы ні на што.
“У першую чаргу трэба карыстацца беларускай мовай у агульнаграмадскіх месцах, пры запаўненні ўсіх бланкаў, не гледзячы на мову іх выдання, а таксама размаўляць па-беларуску на працы і дома. Толькі такім чынам грамадзяне Беларусі змогуць дастойна адзначыць гэта свята”, — лічаць у ТБМ.
Для большасці нашага насельніцтва быць з нейкага моманту беларускамоўнымі так жа цяжка, як кінуць паліць. А вось для пачатку на адзін дзень многія маглі б паспрабаваць.
У інтэрнэце з’явіўся сайт акцыі “Дзень Беларускага Адраджэння” (http://www.treba06.narod.ru/), ініцыятары запрашаюць беларусаў 3 сакавіка ўвесь дзень размаўляць па-беларускі, затым 3 красавіка, 3 мая і гэтак далей...
А перад трэцім днём кожнага месяца прапануецца запрашаць да ўдзелу ў акцыі знаёмых, напісаўшы ім e-mail ліст такога зместу: “Ты беларус? Ты любіш беларускую мову? Ты незадаволены тым, якое месца яна займае ў грамадстве? Калі так, то мы звярнуліся па адрасу! У цябе ёсць магчымасць прыняць ўдзел у акцыі “Дзень Беларускага Адраджэння”.
Напэўна гэта акцыя не будзе масавай — вось калі правесці яе ў агульнанацыянальным маштабе з рэкламай праз дзяржаўныя СМІ! Але калі дзяржава не займаецца папулярызацыяй беларускай мовы, тады можна лічыць добрымі любыя ініцыятывы з народу.
Дарэчы, у Міжнародны дзень роднай мовы цікава было б прааналізаваць, якое месца беларуская мова займае ў сённяшняй выбарчай кампаніі.
Пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты цалкам па-беларуску выступаў толькі Аляксандр Мілінкевіч. Аляксандр Казулін быў білінгвістычным: першыя чатыры фразы ён прамовіў па-беларуску, а далей казаў на рускай мове. Аляксандр Лкуашэнка і Сяргей Гайдукевіч выступалі па-руску.
Паводле http://www.naviny.by/
2006, 21 лют.
|