Пятая акцыя салідарнасці
Акцыя салідарнасці яднае беларусаў ва ўсіх краінах свету. Мы кожны месяц складаем падборку навінаў па ёй. Так і зараз, прапаноўваем Вам навіны аб беларусах, якія салідарны з беларускімі палітзняволенымі, зніклымі апазіцыянерамі, іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі, з усімі хто змагаецца за волю і дэмакратыю ў Беларусі.
Мінск, Беларусь
Акцыю салідарнасці ў Мінску разагналі, затрымана больш за 20 чалавек. У часе разгону акцыі міліцыянты штурхалі людзей на лёд і потым выціскалі іх з Кастрычніцкай плошчы ў бок Нямігі. Групу моладзі, што стаяла насупраць будынку КДБ затрымалі праз некалькі хвілінаў ад пачатку акцыі.
У акцыі Салідарнасці прыняло ўдзел каля трохсот чалавек. Большасць удзельнікаў акцыі – сябры моладзевых арганізацый. Яны трымалі ў руках свечкі і джынсавыя стужкі. Менавіта гэты колер моладзь абрала сімвалам пераменаў. Некаторыя прыехалі з рэгіёнаў. Былі і людзі сталага ўзросту.
Каля дваццаці чалавек трымалі ў аддзеле міліцыі на вуліцы Карла Маркса.




Вашынгтон, ЗША
У сталіцы Злучаных Штатаў Амерыкі Вашынгтоне, ля беларускай амбасады, адбылася акцыя Салідарнасці з беларускай дэмакратыяй. Яе арганізавалі актывісты новаўтворанай арганізацыі “Погляд”, якая аб’яднала студэнтаў з розных краінаў свету — у тым ліку і з Беларусі.
Акцыя ладзілася ў дзень, яе ўдзельнікі выстраіліся па двух баках вуліцы (з боку амбасады і насупраць яе), іх сабралася больш за 20 чалавек. У 11 гадзін да дня Салідарнасці з беларусамі далучыўся і кангрэсмен Макартур, які прадстаўляе Мічыган. Ён выступіў у падтрымку свабоды ў Беларусі.
З масмедыя, якія асвячалі мерапрыемства былі: радыё “Голас Амерыкі”, радыё “Свабода”, радыё MPR (папулярнае у ЗША грамадскае радыё), а таксама з газета “Лондан Таймс”.
Удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, знак “Прасігналь за свабодную Беларусь!” (на які адгукаліся мінаючыя машыны), плакат з партрэтам Касцюшкі і надпісам “За вольную Беларусь”, расцяжкі з партрэтамі ўсіх палітзняволеных і тых, хто знік у Беларусі, знакі: “Спыніце апошнюю дыктатуру ў Еўропе”, “Спыніце палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі”, а таксама партрэт Таццяны Хомы з заклікам спыніць рэпрэсіі супраць студэнтаў.



Познань, Польшча
У Познані ў чарговы раз адбыўся дзень салідарнасці, які арганізавалі 5 суполак. Больш 50 сяброў гэтых арганізацый раздавалі мінакам значкі, джынсавыя стужкі, каляндарыкі з выявай Мілінкевіча і інфармацыю пра надыходзячыя выбары ў Беларусі. У прысутнасці сродкаў масавай інфармацыі было заяўлена, што 16 сакавіка акцыя салідарнасці будзе мець масавы характар.


Aўтар здымкаў: Піліп Спрынгер
Варшава, Польшча
У Варшаве некалькі сотняў пераважна студэнтаў: палякаў, беларусаў, украінцаў сабраліся ў самым цэнтры, на замкавым пляцы і потым з дзесяткамі бел-чырвона-белых сцягоў і транспарантаў, скандуючы “Свабодныя выбары, свабодная Беларусь!”, “Жыве Беларусь”, прайшлі па цэнтральных вуліцах сталіцы, прымацаваўшы напрыканцы акцыі на адным з будынкаў вялізны, даўжынёй каля чатырох метраў, бел-чырвона-белы сцяг, які будзе вісець там да выбараў.
Увечары ўдзельнікі дэманстрацыі мелі магчымасць паслухаць канцэрт вядомага беларускага гурту "Нэйра-дзюбель", які выступіў у Варшаве з вядомымі польскімі музыкамі.
Падобныя акцыі – пікеты, канцэрты, дэманстрацыі і мітынгі адбыліся ў Кракаве, Познані, Лодзі ды іншых польскіх гарадах. Акрамя таго, акцыі салідарнасці падтрымалі ў Бельгіі, Швецыі, Чэхіі, Літве ды іншых кранах.


Стакгольм, Швецыя
Да ўдзельнікаў акцыі Салідарнасці ў Стакгольме далучыліся шведскія сябры з Ліберальнай партыі. Прамаўлялі палітыкі, а таксама прысутныя беларусы. Гэта ўжо трэці раз акцыя ладзілася ў Стакгольме".
Арганізатары акцыяў у Еўропе кажуць, што ўжо цяпер пачынаюць падрыхтоўку да дэманстрацый праз месяц. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў еўрапейскія акцыі салідарнасці з беларускімі дэмакратычнымі сіламі павінны быць найбольш моцнымі.
Кіеў, Украіна
У Кіеве на вуліцы Кацюбінскага, ля беларускай амбасады, адбылася акцыя салідарнасці з беларускай дэмакратыяй. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі разам з дзяржаўнымі ўкраінскімі, а таксама запаленыя свечкі і лозунгі падтрымкі беларускіх палітвязняў. Акрамя таго, як было заведзена падчас ранейшых акцыяў, ініцыятыўныя ўдзельнікі раздавалі ўлёткі з партрэтамі зніклых і палітзняволеных. Акцыя была праведзена без непрыемнасцей. Вуліца Кацюбінскага — дыпламатычная, таму даволі ціхая.

Вільня, Літва
У Вільні акцыя “Дзень беларуска-літоўскай салідарнасці” адбылася чацвёрты раз. Дарэчы зараз яна супала са святкаваннем літоўскага Дня незалежнасці. Дзень 16 лютага для Літвы, па сваёй сутнасці, гэта такая ж дата, як 25 сакавіка, Дзень Волі, для беларусаў. Пасля аднаўлення незалежнасці Літвы, гэтае свята — дзяржаўнае і агульнанацыянальнае, непрацоўны дзень, калі ладзяцца афіцыйныя імпрэзы, урачыстыя імшы.
Перад Домам сыгнатараў, на вуліцы Замкавай рэяў і бел-чырвона-белы сцяг. Арганізацыя, якая яднае моладзь розных нацыянальнасцяў, “Цэнтр аб’яднаных беларускіх ініцыятываў”, рупіцца пра тое, каб як найбольш літоўскіх палітыкаў і жыхароў Літвы ведалі пра Дні салідарнасці. Беларуская і літоўская моладзь ладзіла акцыю салідарнасці ў той самы час, калі адбывалася традыцыйная ўрачыстасць з нагоды Дня незалежнасці Літвы, якую здымалі літоўскія нацыянальныя СМІ.
Літоўскі еўрапарламентарый Вітаўтас Ландсбергіс, лідэр “Саюдзісу”, першы кіраўнік адноўленай літоўскай незалежнай дзяржавы, у сваёй прамове заклікаў падтрымаць акцыю салідарнасці і дэмакратычныя памкненні беларусаў. “Кожны месяц 16-га мы ўзгадваем лёс нашых братоў беларусаў, такіх блізкіх да нас. Нас яднае Нёман, у нас шмат агульнага ў характарах і народных песнях. У беларусаў ёсць памкненне да свабоды. Тут моладзь з беларускім сцягам... Няхай жыве вольная Беларусь!... Гэта мае быць краіна са школамі на беларускай мове, краіна, дзе людзей ня будуць прымушаць шанаваць дыктатара, які паходзіць з калгасу і адзін пануе на ўсіх тэлеэкранах. Цяпер у Беларусі кіраўнікі апазіцыі альбо знікаюць бязь следу, альбо беспадстаўна знявольваюцца без доказаў іх віны. Давайце пажадаем Беларусі свабоды і разам з тым ацэнім каштоўнасць нашай незалежнасці, што мы маем”.
Матэрыялы падрыхтаваны паводле
інфармацыі радыё “Свабода”
і паведамлення Віталя Воранава
Рыга, Латвія
Адзінаццаць грамадскіх арганізацый Латвіі заклікалі жыхароў краіны выказаць сваю салідарнасць з суседняй Беларуссю. Інэсэ Лоцэ, выканаўчы дырэктар арганізацыі “Адкрытая Беларусь”, якая каардынуе кампанію салідарнасці, гаворыць, што да яе далучыліся “Латвійская трансатлантычная арганізацыя” (LATO), “Рада латвійскай моладзі”, “Еўрапейскі рух у Латвіі” ды іншыя.
Пачаткам першай сумеснай акцыі стала адкрытая дыскусія аб сітуацыі ў Беларусі, якая прайшла ў Доме Еўропы пад эгідай прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Латвіі. На ёй выступілі старшыня парламенцкай камісіі ў міжнародных справах Вайра Паэглэ, кіраўнік прадстаўніцтва Фонду Сораса ў Латвіі Пэтэріс Вінкеліс, старшыня “Адкрытай Беларусі” Іева Купцэ ды іншыя.
16 лютага а восьмай гадзіне вечара ля сценаў Амбасады Беларусі ў Рызе запаліліся свечкі салідарнасці. Нягледзячы на мароз і моцны паўночны вецер на акцыю прыйшлі прыкладна 40 чалавек, у асноўным моладзь. Акрамя свечак, шмат хто трымаў партрэты зніклых палітыкаў і палітвязняў. У акцыі салідарнасці ўдзельнічалі сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” і беларусы, якія часова знаходзяцца ў Латвіі. Апошнія паведамілі, што даведаліся аб пачатку акцыі салідарнасці праз Інтэрнэт.
Спадарыня Лоцэ кажа: “Акцыя ня мае часавых межаў. Хаця на дадзены момант мы, зразумела, глядзім на прэзідэнцкія выбары ў сакавіку. Гэта не адзіная акцыя”.
http://www.svitanak.lv
|