Беларусы і ўкраінцы свету

15 лютага старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская наведала Кіеў, дзе сустрэлася з намесніцай старшыні сакратарыяту арганізацыі па сувязях з украінцамі за межамі Украіны – Таварыства “Україна-Світ”, Алай Кандзера. Таксама адбылася гутарка з старшынёй Таварыства, народным дэпутатам Украіны Іванам Драчом. Падчас сустрэчы ішла размова аб магчымасцях партнёрства, арганізацыі сумесных культурна-асветных мерапрыемстваў як у Беларусі, так і ва Украіне. Удзельнікі сустрэчы выказалі ўзаемную зацікаўленасць у супрацоўніцтве і вырашылі заключыць адпаведную дамову.

Таварыства “Україна-Світ” — усеўкраінская грамадская няўрадавая арганізацыя. Мэтай яе дзейнасці з’яўляецца развіццё супрацоўніцтва з украінцамі за мяжой, умацаванне іх звязаў з радзімай дзеля аб’яднання ўкраінцаў свету і будаўніцтва Украінскай дзяржавы.

У таварыства “Україна-Світ” шырокая сетка працоўных рэгіянальных аддзяленняў — 31. А ў федэрацыю таварыства звязаў з зарубежнымі краінамі ўваходзяць 62 арганізацыі дыяспары. Вельмі істотна тое, што пры Таварыстве працуе Інстытут даследавання ўкраінскай дыяспары. Таксама Таварыства актыўна прымае ўдзел у распрацоўцы закона, дзяржаўных праграм і іншых нарматыўных актаў, што рэгулююць стасункі Украіны з дыяспарай. Па словах Алы Кандзеры вельмі важна, што дзяржаўныя органы супрацоўнічаюць у гэтым накірунку з грамадскай арганізацыяй, якая мае вялікі вопыт у супрацоўніцтве з украінскай дыяспарай, валодае практычна ўсімі пытаннямі і праблемамі, што маюць украінскія асяродкі ў свеце.

Трэба адзначыць, што Украіна ўжо прымала нацыянальную праграму “Закордонне украінство” ў 2001 г.. Зараз рыхтуецца прыняцце новай праграмы і Закона Украіны “Пра прававы статус замежных украінцаў”. Праект закона прадугледжвае стварэнне Нацыянальнай камісіі па пытаннях замежных украінцаў, статус замежнага украінца будзе пацверджаны адпаведным пасведчаннем, якое будзе выдавацца на 10 год і даваць шэраг ільготаў яго атрымальніку. Да апошні адносяцца атрыманне бясплатнай шматразовай візы для ўезда ва Украіну, атрыманне права на жыхарства. Таксама замежныя ўкраінцы ў адпаведнасці з гэтым законам будуць атрымліваць усе правы, свабоды і абавязкі, вызначаныя Канстытуцыяй Украіны і яе законамі акрамя палітычных правоў і абавязкаў і права на пенсійнае забеспячэнне. Трэба адзначыць, што палажэнні украінскага праекту Закона вельмі падобныя да тых прапаноў, з якімі яшчэ ў 2002 г. звярнулася Згуртаванне “Бацькаўшчына” да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у дачыненні да беларусаў замежжа.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, сяброўскай атмасферы. Аказалася, што і гэтага часу недастаткова каб абмеркаваць усе пытанні. Як падзялілася сваімі ўражаннямі Алена Макоўская: “Нашы арганізацыя вельмі падобныя па напрамках дзейнасці, па мэтах. Падчас сустрэчы мы дзяліліся вопытам па супрацоўніцтву з дыяспарай, абмяркоўвалі наладжванне сумесных культурна-асветніцкіх конкурсаў і мерапрыемстваў. Я спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва, бо ўкраінская таварыства — арганізаваны і надзейны партнёр.”.

Інфармацыйны аддзел
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў