Генетычная прастора Беларусаў

У выдавецтве “Тэхналогія” пабачыла свет унікальная кніга – навуковае даследаванне А.Мікуліча “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу”.
Ніжэй падаем азнаямляльную рэцэнзію Зміцера Санько.

АЗНАЯМЛЯЛЬНАЯ РЭЦЭНЗІЯ

Мікуліч А.І. Беларусы ў генетычнай прасторы: Антрапалогія этнасу. – Мн.: Тэхналогія, 2005. – 138 с.: іл.

Як справядліва адзначае ў прадмове да кнігі ўкраінскі антраполаг С.П.Сегеда, падобных выданняў у беларускай антрапалагічнай літаратуры яшчэ не было. Манаграфія падводзіць вынікі больш чым трыццацігадовых экспедыцыйных даследаванняў, праведзеных вядомым антрапагенетыкам Аляксеем Мікулічам у Рэспубліцы Беларусь і на сумежных тэрыторыях краін-суседзяў – Расійскай Федэрацыі, Літвы, Украіны. Аб’ектам іх было пераважна вясковае насельніцтва як носьбіт найбольш характэрных генетычных і канстытуцыйных асаблівасцяў прабацькаўскіх папуляцый. Вывучэннем было ахоплена каля 120 групавых выбарак. Яны фармаваліся з асобаў, якія маюць продкаў мясцовага паходжання да 4–5 калена.

Даследаванне генафонду карэнных лакальных папуляцый паказала цэласнасць беларускага этнасу, яго гамеастаз у часе і прасторы, а таксама наяўнасць геннагеаграфічнай кампаненты ў этнічнай гісторыі. На карце генетычных адлегласцяў ад сярэдніх беларускіх частот генаў у насельніцтве Ўсходняй Еўропы, пабудаванай на аснове значнай колькасці ДНК-маркёраў (57 алеляў 21 локусу), яскрава відаць асаблівасць генафонду беларусаў, да якіх далучаюцца карэнныя жыхары Пскоўшчыны, Ноўгарадчыны, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленскага краю і Украінскага Палесся. Кампактны арэал беларускага генафонду на гэтай карце ў агульных рысах адпавядае абшару рассялення беларусаў у гістарычнай рэтраспектыве. Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць шматвектарнай дывергенцыі гэтага арэалу, якая выяўляе даўнейшыя кірункі міграцыі.

Вядома, што “еўрапеізацыя” ўсходнееўрапейскага, пераважна расейскага, насельніцтва спынілася пад татара-мангольскім уплывам. Вывучэнне генафонду беларусаў практычна не выявіла прысутнасці ў ім прыкмет мангольскай расы. Гэта пацвярджае гістарычныя звесткі пра тое, што Беларусь не зазнала татара-мангольскай няволі. Цікава таксама адзначыць, што агульная тэндэнцыя зменлівасці ў межах беларускага арэалу мае мерыдыянальны кірунак — з поўдня на поўнач, тым часам як для расейскага арэалу яе кірунак перпендыкулярны — з захаду на ўсход, г. зн. шыротны.

Кожны з трох усходнеславянскіх этнасаў, згодна з антрапалагічнымі дадзенымі, мае сваю адметнасць. Яны сфармаваліся ў рознай геаграфічнай прасторы, на асобных субстратных праасновах. Змешчаная ў кнізе графічная інтэрпрэтацыя абагульненых характарыстык іх генафондаў дазваляе наглядна ўбачыць ступень сваяцтва і адрознення. “Этнічныя воблакі” беларусаў і ўкраінцаў даволі кампактныя і на пададзенай дыяграме істотна перакрываюцца. Расейскае ж “воблака” вельмі размытае, і толькі нязначная доля яго перакрываецца з папярэднімі. Калі ўкраінскае “этнічнае воблака” наогул не мяжуе з фіна-угорскімі, а беларускае толькі кранаецца іх, то цэнтр “этнічнага воблака” расейскіх папуляцый знаходзіцца ў адным кластэры з фіна-угорскімі, а не славянскімі этнасамі.

Аляксей Мікуліч аргументавана аспрэчвае высновы маскоўскіх калегаў пра тое, што ядро расейскага генафонду нібыта знаходзіцца на паўночным захадзе расейскага этнічнага арэалу (Пскоўшчына, Ноўгарадчына) з далучэннем часткі зямель, якія сёння знаходзяцца ў складзе Рэспублікі Беларусь. Ён адзначае, што да беларусаў Прыдзвіння генетычна вельмі блізкія карэнныя жыхары Пскоўскай і Наўгародскай, як і Смаленскай абласцей. (І гэтаму факту ёсць гістарычнае тлумачэнне — агульныя крывіцкія карані.) Але гэта зусім не дае падставы вылучаць іх з беларускага этнічнага арэалу.

Супастаўленне дадзеных геннагеаграфіі з матэрыяламі археолагаў дае вельмі цікавыя вынікі. Геаграфічная структура сучаснага беларускага генафонду шмат у чым адпавядае арэалам старажытных археалагічных культур. Напрыклад, прыдзвінская геннагеаграфічная правінцыя накладваецца на тэрыторыю распаўсюджання нарвенскай культуры (4–3-е тысячагоддзі перад Н.Х.) эпохі неаліту і паўночнабеларускай культуры (канец 3-га – першая палова 2-га тысячагоддзя перад Н.Х.) ранняга бронзавага веку. А заходнепалескі рэгіён знаходзіцца ў межах распаўсюджання культуры шнуравой керамікі Палесся (XVІІІ–XІV стагоддзі перад Н.Х.) і лужыцкай культуры (XV–XІV стагоддзі перад Н.Х.) бронзавага веку, а таксама паморскай культуры (ІV–ІІ стагоддзі перад Н.Х.) жалезнага веку. Гэта важкі аргумент на карысць генетычнай непарыўнасці пакаленняў.

Аналіз антрапагенетычнага і геннадэмаграфічнага матэрыялу прыводзіць аўтара да высноваў пра глыбокую старажытнасць беларускага этнасу, яго. Сучасная карціна беларускага генафонду сфармавалася як шляхам доўгатэрміновага прыстасавання ў выніку натуральнага адбору, так і ў працэсе этнічнай кансалідацыі. Карыстаючыся “генетычным гадзіннікам”, аўтар вызначае, што папуляцыі карэнных жыхароў Беларусі вядуць свой радавод цягам не меней як 130–140 пакаленняў, гэта значыць пачынаючы сама пазней з сярэдзіны 2-га тысячагоддзя перад Нараджэннем Хрыстовым.

На думку аўтара, адзінства паходжання, асаблівасць мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры, наяўнасць цягам некалькіх стагоддзяў сваёй дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, перавага эміграцыйных працэсаў над іміграцыйнымі, спрыялі кансалідацыі адметнай і трывалай этнічнай супольнасці беларусаў.

Манаграфія багата ілюстраваная каляровымі картамі, мае нават невялікі слоўнік спецыяльных тэрмінаў. Ён змяшчае тлумачэнні тых тэрмінаў, пераважна з генетыкі і антрапалогіі, якія могуць быць незразумелыя спецыялістам іншых галінаў навукі. Гэта істотна пашырае кола чытачоў, робіць кнігу больш даступнай. Яна бясспрэчна зацікавіць не толькі навукоўцаў — антраполагаў, генетыкаў, этнолагаў, археолагаў, эколагаў, але і студэнтаў ВНУ, а таксама ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі этнагенезу і этнічнай адметнасці.

Зміцер Санько
‹‹ на галоўную | у архіў