Хто адмовіцца ад пасады прэзідэнта?

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч прапануе лідэру Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандру Казуліну дамовіцца аб зняцці з выбараў аднаго з іх яшчэ да этапу рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Такое рашэнне прынятае 4 лютага на паседжанні Палітычнага савета аб’яднаных дэмакратычных сіл.

“Калі да 15 лютага гэта пытанне не будзе вырашана, то далей весці перамовы будзе бессэнсоўна”, — гаворыць Аляксандр Мілінкевіч на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння Палітсавета. — У нас ёсць простая прапанова — здымацца пад аднаго кандыдата неабходна да рэгістрацыі Лукашэнкі. Таму што нельга даваць рэжыму самому абіраць з кандыдатаў каго-небудзь. Мы павінны быць самі ініцыятарамі гэтага аб’яднання”.

Штаб Мілінкевіча прапануе чатыры крытэрыі вылучэння больш моцнай кандыдатуры: колькасць дэлегатаў, якія падтрымліваюць прэтэндэнта на Нацыянальным кангрэсе дэмакратычных сіл, наяўнасць арганізацыйных структур (колькі рэгіянальных штабоў мае прэтэндэнт, колькі подпісаў у падтрымку яго асобы было сабрана і гэтак далей), палітычны рэйтынг прэтэндэнта, яго прызнанне і падтрымка міжнароднай супольнасцю.

Як заўважыў А.Мілінкевіч, яго штаб гатовы разглядаць сустрэчныя прапановы ад А.Казуліна ў любы час да моманту рэгістрацыі кандыдатаў. “Пасля рэгістрацыі мы ўжо не будзем гуляць у гэтыя гульні”, — падкрэсліў палітык.

Паводле БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў